Сарматыя
Дарогі – лекі, лепшыя за парашкі.
Дарогі пятляюць, змотваюцца ў маткі
Кішкамі ў трыбуху рэнэсанснага трупа…
Настроішся на рамантычны лад, а гэта кніга шакуе цябе зусім не рамантычнай лексікай. Нічога. Чытаць усё адно варта. 44 старонкі вершаў-лістоў, звязаных сюжэтам, – такі сабе серыял XVI стагоддзя. Маем дадатковы прыемны бонус – дзве адрыўныя ілюстрацыі-паштоўкі, зробленыя мастачкай Юліяй Рудзіцкай.
Паэма Марыі Мартысевіч “Сарматыя” прыляцела да тых, хто яе ўпарта чакаў, менавіта ў суботу перад Новым годам – апошні дзень, калі працуе пошта! У прыватнасці, працуе апошні дзень на адным заходнебеларускім хутары, дзе ты жывеш, працуеш і плануеш падарожжы, без якіх жыць немагчыма, бо дарога – гэта лекі… Чытайце вышэй… А Сарматыя – амаль міфічная краіна, згаданая калісьці Герадотам. Ёсць версія, што сарматы – напаўміфічныя качэўнікі, ад якіх пачала весці свой род шляхта Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Мэта – адмежавацца ад простых сялянаў. Не скіфы. Не зомбі. І зусім не маскалі.
Горш за зомбі быць можа толькі адно – маскалі:
Вось ад іх дакладна ніхто тут ня хоча паходзіць…
У нашы дні паэзія набывае палітычны падтэкст – не адымеш! Зрэшты, любая добрая паэзія тоіць у сабе шмат прыхаваных сэнсаў. І штосьці падказвае, што новы год не падмане нас і падкіне недабітым нашчадкам сарматаў не адну нагоду хаваць у вершах боль і страх. Тут ёсць паратунак – дарогі. Найлепш – дарога да мора!
Мора сармата – гэта пара партоў,
У якія яго не пускаюць без пашпартоў,
і калі яго выпускаюць зь цёмнай каморы,
ён як абвараны бегае ад мора да мора.
Рытуал прывітання з морам, разьвітання з морам –
Мора наўпрост кіруе ягоным гуморам.
Тыдзень ляжыць на хвалях – і год жыве.
Мора сармата разліваецца ў яго галаве.
Усе супадзенні з рэальнымі асобамі, вядома, выпадковыя, спадарства.