“Ягелонія” завяршае гэты год перамогай над “Гурнікам”
У апошнім матчы чэмпіянату Польшчы ў гэтым годзе “Ягелонія” (Беласток) перамагла “Гурнік” (Забжэ) з лікам 1:0. Гол, які даў беластачанам тры ачкі, забіў на 28-й хвіліне Пшэмыслаў Франкоўскі. Беластачане добра паказалі сябе ў першым тайме, але пазней засяродзіліся на абароне выніку. Кажа трэнер “Ягелоніі” Міхал Пробеж:
– Матч прайшоў вельмі добра, бо добра адгулялі першую палову. Ну, і тут сама псіхалогія гульні, калі дружына стараецца проста захаваць гэты расклад, не выкарыстоўваючы ўсіх магчымасцяў гульні. Не заўсёды гэта добра. Але самае галоўнае цяпер для нас – перамога.
Футбаліст “Гурніка”:
– Мы бачылі, што саступаем “Ягелоніі”. У другой палове былі сітуацыі, калі мы маглі выйсці на нічыю. Але не атрымалася. Думаю, не заслужылі мы перамогі.
Пшэмыслаў Франкоўскі:
– Я хваляваўся вельмі, што не патрапіць мяч у браму. Але патрапіў. І гэты гол прынёс нам перамогу ў змаганні з сур’ёзным супернікам.
Марэк Васілюк:
– Вядома, мы хацелі ў другой палове зайграць лепей, каб прынесці больш радасці заўзятарам. Але матч быў вельмі складаны. Давялося добра пазмагацца за гэтыя тры пункты.
Ягелонія пасля 19 тураў чэмпіянату Польшчы мае 32 ачкі і знаходзіцца на чацвёртым месцы. Чарговы матч пройдзе ўжо ў наступным годзе. У лютым футбалісты “Ягі” зайграюць у Варшаве з мясцовай “Легіяй”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток