Пачалі дзейнічаць новыя нормы на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы



З 1 студзеня ў Беларусі павялічаныя нормы бяспошліннага ўвозу для міжнародных паштовых адпраўленняў і экспрэс-адпраўленняў з-за мяжы. Гэта прадугледжана ўказам кіраўніка Беларусі № 490 „Аб мытным рэгуляванні” ад 22 снежня, тэкст якога апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Пры разавым атрыманні тавару захавалася ранейшая норма (кошт да 22 еўра і вага да 10 кг), але на працягу месяца можна атрымаць бяспошлінна пасылкі на суму да 200 еўра і 31 кг. Такім чынам, месячная норма павялічаная ў дзевяць разоў. У частцы перавышэння вартасных і вагавых нормаў захаваліся ранейшыя падыходы пры выплаце мытных плацяжоў.

У каментары да ўказа Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) адзначаў, што новыя нормы на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы накіраваныя на стымуляванне падатковых паступленняў ад дзейнасці „Белпошты”.

Паводле даных ДМК, калі да 2016 года рост увозу паштовых адпраўленняў быў значны (з 6,6 млн у 2014 годзе да 11,8 млн у 2015 году, гэта значыць амаль у два разы), то ў 2016—2018 гадах рост міжнародных паштовых адпраўленняў, што ўвозіліся ў Беларусь, запаволіўся і склаў у сярэднім каля 12 млн адзінак на год.

Пры гэтым мытнікі адзначаюць станоўчую тэндэнцыю зніжэння ўвозу вялікага ліку пасылак у адрас адной фізічнай асобы. Колькасць атрымальнікаў звыш 100 адпраўленняў на год знізілася ў шэсць разоў.

„Такім чынам, камбінаваная норма, якая змяшчае як разавыя (22 еўра), так і месячныя (200 еўра) межы, уяўляе сабой гнуткі інструмент для адміністравання інтэрнэт-гандлю. З аднаго боку, яна дазваляе бяспошлінна ўвозіць большы асартымент тавараў, якія не вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, з іншага — абмяжоўвае імпарт найбольш падаткаёмістых тавараў і камерцыйных партый пад выглядам тавараў для асабістага карыстання”, — гаварылася ў каментары ДМК.

Раней прадстаўнікі „Белпошты” заяўлялі, што з-за ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў на бяспошлінныя пасылкі з-за мяжы страты склалі 4,6 млн рублёў даходаў за год.

Важным новаўвядзеннем указа з’яўляецца аказанне дадатковай падтрымкі грамадзянам, якія маюць асобныя захворванні згодна з устаноўленым урадам пералікам. Льгота па мытных плацяжах дадзеная для тавараў медыцынскага прызначэння і дыетычнага лячэбнага харчавання, якія перасылаюцца поштай (у межах нормаў бяспошліннага ўвозу, устаноўленых на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза). З 1 студзеня 2019 года такая норма складае 500 еўра і 31 кг.

Указ таксама ўсталёўвае магчымасць дэкларавання паштовых адпраўленняў іх атрымальнікамі. Да прыкладу, калі замежным адпраўнікам былі няправільна пазначаныя звесткі аб таварным укладанні, атрымальнік можа іх удакладніць шляхам падачы пасажырскай дэкларацыі. Напрыклад, калі на пасылцы прадавец пазначыў „плэер mp3” замест „мабільнага тэлефона” ці „калонкі”, то ў такіх выпадках пошта будзе інфармаваць атрымальніка аб магчымасці ўдакладнення фактычнага прадмета, і пасля падачы звычайнай пасажырскай дэкларацыі мытня зможа аформіць такі тавар. Раней такія адпраўлення падлягалі вяртанню адпраўніку, што цягнула неатрыманне ўжо набытых тавараў, перапіску з інтэрнэт-крамамі, а таксама дадатковыя выдаткі РУП „Белпошта”. У 2018 годзе ажыццёўленае вяртанне больш за 50 тыс. паштовых адпраўленняў.

Акрамя гэтага, указ спрашчае працэдуру мытнага адміністравання для экспарцёраў. Як растлумачыў першы намеснік старшыні ДМК Уладзімір Арлоўскі ў эфіры тэлеканала СТВ 30 снежня, „для імпарцёраў з’явілася магчымасць спрошчанага афармлення тавараў, якія ідуць у іх адрас, на мяжы, з поўнай ачысткай у транспартна-лагістычных цэнтрах, якія знаходзяцца непасрэдна каля мяжы”. Значныя спрашчэнні прадугледжаныя і для імпарцёраў, якія атрымліваюць тавары ў рамках афармлення па інвестпраектах. „Прадугледжаныя ўказам спрашчэнні і для экспарцёраў, асабліва для тых, хто ажыццяўляе экспарт невялікімі партыямі. Да 1.000 еўра можна афармляць без дэкларацыі”, — адзначыў прадстаўнік ДМК.

„Але самы вялікі пакет прывілеяў, калі можна так сказаць, вядома, — для рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон. Указ прадугледжвае значныя спрашчэнні”, — падкрэсліў Арлоўскі.

Ён дадаў, што для суб’ектаў гаспадарання значна скароціцца кантрольная нагрузка: „Калі раней мытныя органы маглі ажыццяўляць кантроль тавараў пасля іх выпуску на працягу пяці гадоў, то цяпер, за невялікім выключэннем, такі тэрмін складае ўсяго тры гады”.

belapan.by