Адбылася інаўгурацыя новага прэзідэнта Бразіліі
Пераможца прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі Жаір Балсанару афіцыйна заступіў на пасаду кіраўніка дзяржавы, паведаміла Reuters.
Ён склаў прысягу на ўрачыстым паседжанні ў Нацыянальным кангрэсе (парламенце) Бразіліі ў прысутнасці прадстаўнікоў заканадаўчай і судовай улады, а таксама замежных гасцей. Балсанару будзе прэзідэнтам Бразіліі да 31 снежня 2022 года.
Вылучэнец ад кансерватыўнай Сацыял-ліберальнай партыі Жаір Балсанару шэсць разоў пераабіраўся ў ніжнюю палату парламенту. У верасні цягам выбарчай кампаніі 63-гадовы палітык перажыў замах, з-за чаго апынуўся на шпітальным ложку і практычна не вёў агітацыі. Нягледзячы на гэта, яму не хапіла толькі 4%, каб перамагчы ў першым туры. 28 кастрычніка ў Бразіліі прайшоў другі тур, а за Балсанару прагаласавала больш 50% выбарцаў.
Балсанару ведамы сваімі кансерватыўна правымі поглядамі. У час выбарчай кампаніі ён пазіцыянаваў сябе як прыхільнік „цвёрдай рукі”, абяцаў перамагчы злачыннасць і карупцыю. Жаіра Балсанару называюць зараз „трапічным Дональдам Трампам”. Прэзідэнт ЗША таксама неаднаразова выказваў падтрымку Балсанару і павіншаваў яго з інаўгурацыяй.
Беларускае Радыё Рацыя