Улады прагназуюць рэзкае запаволенне эканомікі ў першым квартале 2019 года



Урад вызначыў ключавыя паказчыкі эфектыўнасці сваёй працы на 2019 год. У пастанове, апублікаванай 2 студзеня, змяшчаецца прагноз паквартальных тэмпаў эканамічнага росту.

Улады чакаюць, што ў першым квартале 2019 года тэмпы эканамічнага росту істотна замарудзяцца ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года.

У першым квартале мінулага года рост ВУП меў аднаўленчы характар і склаў 5,1%. Урад чакае, што ў першым квартале 2019 года эканамічны рост складзе ўсяго 0,6%.

Разам з тым улады разлічваюць, што ў наступныя кварталы 2019 года эканоміка будзе паступова паскарацца. Паводле вынікаў першай паловы года чакаецца рост ВУП на 1,8%, студзеня—верасня — на 3,1%, паводле вынікаў года — на 4%.

Згодна з планамі, экспарт тавараў і паслуг у 2019 годзе вырасце на 5,4%, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — на 3,4%.

Згодна з вынікамі студзеня—лістапада 2018 года рост ВУП Беларусі склаў 3,2%. Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае, што паводле вынікаў 2018-га ВУП павялічыцца на 3,5%.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі не падзяляюць афіцыйны прагноз, лічачы, што у 2019 годзе рост беларускай эканомікі будзе больш павольным, чым у 2018-м. Згодна з прагнозам МВФ, рост беларускага ВУП паводле вынікаў 2018 года складзе блізу 3,5%, а ў 2019-м замарудзіцца да 2,5%.

Іншыя міжнародныя фінансавыя арганізацыі (Сусветны банк, Еўразійскі банк развіцця) таксама чакаюць, што тэмпы росту беларускай эканомікі ў новым годзе будуць ніжэйшыя, чым у мінулым.

„У перыяд з 2019 года па 2021 год прырост ВУП Беларусі прагназуецца ў межах 1,6—02%, што, паводле нашых ацэнак, адпавядае яго патэнцыялу. Запаволенне эканомікі звязанае з завяршэннем фазы аднаўлення, якая суправаджалася высокімі тэмпамі росту”, — мяркуюць эканамісты ЕАБР, прагноз якіх апублікаваны ў снежаньскім макрааглядзе.