“Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”
У Віцебску 5-га студзеня адбудзецца канферэнцыя “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”. Яна пройдзе ў мясцовай бібліятэцы Леніна і пачнецца аб 11-й гадзіне.
Арганізатар канферэнцыі Хрыстафор Жаляпаў паведаміў нашаму радыё, хто прыме ўдзел у мерапрыемстве:
– Запрашаем гісторыкаў з Менска – Сяргея Тарасава і Ніну Стужынскую, – гэта па гістарычнай частцы, і палітолага Андрэя Ляховіча – гэта па частцы палітычнай. Яшчэ будуць выступаць краязнаўцы – з Віцебска, з Воршы, з Полацка, з Паставаў, з Верхнядзвінска, з Гарадка. Яны будуць расказваць гісторыю сваіх гарадоў, у складзе Беларусі старажытнай і сучаснай, і ўвогуле як сёння жывуць жыхары гэтых гарадоў, якія ў іх настроі.
Як адзначае Хрыстафор Жаляпаў, чуткі пра нібыта гатовасць беларусаў у Віцебскай вобласці пайсці ў Расею не адпавядаюць рэчаіснасці і распаўсюджваюцца якраз імперскімі сіламі. На ўсходзе ніяк не менш, чым на захадзе Беларусі людзі ўсведамляюць важнасць незалежнасці краіны.
На канферэнцыі гісторыкі і палітолагі распавядуць, наколькі важна для Беларусі мець дзяржаўнасць і як трэба яе захоўваць.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя