Туркмен спрабаваў правезці суайчынніцу праз мяжу ў багажніку



На беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце пропуску „Весялоўка” днём 3 студзеня пры афармленні на выезд з Беларусі аўтамабіля „ВАЗ” расейскай рэгістрацыі памежнікі выявілі парушальніцу.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржпагранкамітэта, падчас агляду багажніка транспартнага сродку ўвагу памежнікаў і супрацоўніка мытні прыцягнула буйнагабарытная гаспадарчая сумка, якая „падавала прыкметы жыцця”. У ёй знайшлі 22-гадовую грамадзянку Туркменістана, якая з дапамогай суайчынніка такім спосабам разлічвала перасекчы мяжу.

Мужчына і жанчына затрыманыя і змешчаныя на час разбору ў ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама. Пачаты адміністрацыйны працэс па артыкулах 23.29 і 23.55 КоАП за замах на незаконнае перасячэнне мяжы і парушэнне правілаў знаходжання. Мужчыну таксама пагражае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці па п. 13 ч. 7 арт. 2.4 КоАП за дапамаганне ў незаконным перасячэнні мяжы.

belapan.by