Леў Марголін: Грунтоўна парушана прэзумцыя невінаватасці
Міністр працы Ірына Касцевіч на прэс-канферэнцыі заявіла, што праца па дэкрэце аб «дармаедах» працягнецца. „Будзем удасканальваць сам нарматыўна-прававы акт. Мы не паставілі тлустую кропку,” – сказала міністр.
Як адзначае Леў Марголін, пры занясенні людзей у так званую базу дармаедаў парушана прэзумпцыя невінаватасці. Да таго ж штучна ўскладнёная магчымасць выкрэсліць сябе з гэтай базы для беларусаў, якія працуюць за мяжой.
– Грунтоўна парушана прэзумцыя невінаватасці. Спачатку ўнеслі ў гэтыя базу, а потым ты даказваеш, што ты не «вярблюд», і пры гэтым доказы зроблены максімальна праблематычнымі. Напэўна, тут ёсць патаемная надзея на тое, што нехта проста не захоча гэтым займацца, падумае, ну буду плаціць на 20 рублёў больш за кватэру, не вялікія грошы. А можа проста чынавенства не думае, каб гэта было зручна для людзей.
Нагадаем, што беларусы, якія атрымліваюць адукацыю або працуюць за мяжой, аўтаматычна трапляюць у «дармаеды» і будуць выключаныя толькі пры ўмове, што змогуць пацвердзіць працаўладкаванне або вучобу дакументальна. Працуючыя за мяжой абавязаны прадставіць копію працоўнай дамовы; копію пасведчання, дазволу, ліцэнзіі; копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць факт працоўнай дзейнасці. Папярэдняя версія „дармаедскага дэкрэта” выклікала масавыя пратэсты, якія эксперты называюць самымі маштабнымі ў сучаснай Беларусі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя