Эканаміст: Беларусь перастала быць сацыяльна-арыентаванай дзяржавай



Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі не адмаўляецца ад выказанай раней ідэі паступова павысіць дапамогу па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытачнага мінімуму. Пра гэта заявіла кіраўнік міністэрства Ірына Касцевіч на прэс-канферэнцыі ў Менску. «Сярэдні памер дапамогі – 27 рублёў. Мы разумеем, што гэта досыць маленькая велічыня », – падкрэсліла міністр.

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што Беларусь даўно перастала быць сацыяльна-арыентаванай дзяржавай.

– Памер гэтай дапамогі па беспрацоўі як раз яскрава сведчыць аб тым, як тая ці іншая дзяржава клапоціцца пра людзей. У той жа Польшчы добра разумеюць, што чалавек можа трапіць у складанае становішча, у яго могуць быць нейкія праблемы, ці нават у дзяржавы, калі яна не можа ўладкаваць чалавека з нейкай спецыяльнасцю, і яна гэта разумее, яна падтрымлівае гэтага чалавека. А ў нас чалавек, які не працуе, не важна па якой прычыне, гэта злачынца, якога трэба пакараць.

Па словах Касцевіч, сёлета пры Палаце прадстаўнікоў будзе створана рабочая група па ўнясенні змяненняў у закон аб занятасці насельніцтва. Адзін з механізмаў, які будзе прапрацоўвацца, закране павышэнне дапамогі па беспрацоўі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя