Аляксандра Сасновіч разграміла Дар’ю Касаткіну



На турніры ў аўстралійскім Сіднэі беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (на сёння 30-ы нумар сусветнай класіфікацыі) разграміла 10-ю ракетку свету Дар’ю Касаткіну з Расеі – 6:1, 6:4.

У першай партыі перавага беларускі была вялізнай. У другім сеце Сасновіч дапусціла часовую слабасць, дазволіла суперніцы зрабіць брэйк і саступала ў сярэдзіне партыі. Аднак, Аляксандра мабілізавалася, адыгралася на падачы суперніцы, а ў канцоўцы проста не пакідала Касаткінай ніякіх шанцаў.

Трэба дадаць, што гэта была стадыя 1/16-й фіналу. У 1/8-й гэтага турніру Сасновіч сустрэнецца з малаведамай аўстралійкай Прысцылай Хон (161-я ракетка свету).

А пачынала Сасновіч на гэтым турніры з кваліфікацыі, дзе ў вырашальным матчы перамагла прадстаўніцу Пуэрта-Рыка Моніку Пуіг (53-і нумар WTA) — 6:1, 6:0.

Іншая беларуска, першая ракетка краіны Арына Сабаленка (11-ы нумар рэйтынгу) не паспела як след аднавіцца пасля папярэдняга пераможнага турніру ў Кітаі і на старце спабору ў Сіднэі саступіла тытулаванай чэшцы Петры Квітавай (8-й ракетцы свету) – 1:6, 5:7.  

Беларускае Радыё Рацыя