Фрыланс як спосаб заробку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі



Скончыліся грамадскія абмеркаванні законапраекта “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”. Яго павінны разгледзець дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у красавіку. Асноўныя тэзісы, якія нясе ў сабе дакумент, – гэта абарона людзей з інваліднасцю ад дыскрымінацыі, 3% працоўных месцаў для інвалідаў у любой арганізацыі, права на рэабілітацыю і абілітацыю ды іншае.

Але ёсць у законапраекце, па меркаванні экспертаў, і недахопы. Напрыклад, дзяржава захоўвае за сабой поўную манаполію ўплыву на жыццё людзей з інваліднасцю, ды і праблему інклюзіі законапраект вырашае не цалкам.

Як кажа Марына Раманчук з Глыбокага, гэта добра, што павялічваецца квота на працаўладкаванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але для яе найбольш зручная праца – гэта фрыланс,  ён пакуль не ўзаконены ў Беларусі.

– Я б хацела працаваць на фрылансе ў сілу маіх абмежаванняў, проста таму, што для мяне гэта зручней у 100 разоў.  Мне не трэба думаць, як дабрацца да гэтай працы, як на гэтай працы функцыянаваць і так далей. Інвалід ад інваліда адрозніваецца. Таму, калі для кагосьці гэты закон будзе пазітыўным і калі ён вырашыць ягоныя праблемы, то гэта будзе супер. А я б хацела, каб усё ж такі ў нашай краіне быў узаконены фрыланс.

Мяркуецца, што новы закон “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі” павінен стаць функцыянальным спосабам рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Гэты міжнародны дакумент наша краіна падпісала ў 2015 годзе, а ратыфікавала ў 2016-ым  апошняй сярод краін Еўропы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Depositphotos