Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю



7 снежня 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеi Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Сава Сіўко (18881978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя  з дня нараджэння” (куратар Надзея Саўчанка).

На ёй упершыню была прадстаўлена творчая спадчына фатографа Савы Уладзіміравіча Сіўко, які нарадзіўся ў вёсцы Сенна, побач з  невялікiм беларускiм мястэчкам Любча. Фатаграфiчны архiў Савы Сіўко – унікальная скарбніца візуальнай інфармацыі пра паўсядзённае жыццё беларусаў-„заходнікаў” у  20-50-я гады ХХ стагоддзя. У гiсторыi беларускай фатаграфii з’явiлася новае iмя.

Другая частка праекта – выстава “Любчанскі край. Людзі і час” – пачне сваю працу 14 студзеня 2019 года. Мэтаю выставы з’яўляецца зберажэнне, вывучэнне фатаграфiчнай спадчыны Савы Сiўко i працяг фоталетапicу Любчанскага краю праз адкрыццё новых iмёнаў у гiсторыi беларускай фатаграфii.

На выставе будуць прадстаўлены фатаграфii вядомых беларускiх фатографаў Альберта Цэхановiча, Андрэя Васкрасенскага, Марыi Банэ i Вольгi Сяргеевай, звязаных праз родзічаў з Любчанскiм краем, i фатографа-аматара з вёскi Нянькава Iвана  Ігнатавiча Камара.

На жанравых здымках Альберта Цэхановiча – вясковыя доўгажыхары, якiх фатаграфаў Сава Сiўко, i якiя добра памятаюць фотографа. Другая серыя прадстаўляе партрэты нашчадкаў герояў з фотаздымкаў Савы Сiўко, зробленыя на фатаграфiчным фоне, адрэстаўраваным мастаком-рэстаўратарам музея Юліяй Дранец.

Фатаграфiчная серыя “Сямейны альбом” Андрэя Васкрасенскага, галоўным героем якой з’яўляецца яго сын Леў, распявядае аб таямнiцах памяцi i радавым дрэве, частка каранёў якога па матчынай лiнii таксама схавана ў Любчанскiм краi.

Тэма твораў Марыi Банэ звязана з Нёманам i памяццю. Працуючы над тэмай, яна своеасаблiва пераасэнсавала i аб’яднала ў адной мастацкай прасторы ўласныя дзiцячыя ўспамiны, “дарослы” вопыт i архiўныя фотаздымкi родных, жыхароў Любчанскага края.

Сучасны выгляд мясцiн, якiя фатаграфавау Сава Сiўко, – панарама Любчы, Крыж Пуслоўскiх i царква ў вёсцы Гнесiчы – прадстаўляюць творы Вольгi Сяргеевай.

Пад час экспедыцый па мясцiнах, звязаных з жыццём i працай Савы Сiўко, i сустрэч c зямлякамi майстра i сведкамi яго працы высветлiлася, што 98-гадовы жыхар  вёскі Нянькава Іван Ігнатавіч Камар на працягу дваццацi гадоў, з 1958 па 1979, фатаграфаваў жыхароў роднага краю. Такiм чынам, у гiсторыi беларускай фатаграфii з’явiлася яшчэ адно iмя. На выставе ён прадстаўлены серыей аўтапартрэтаў (па сучаснаму “сэлфi”) i фатаграфiямi родных i аднавяскоўцаў з маленства да сталасцi.

Выстава працуе з 14 студзеня па 3 лютага 2019 г.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 14 студзеня а 17-й гадзіне па адрасе: г.Мінск, вул.К.Маркса, 12.

Куратар праекта – фатограф Альберт Цэхановіч.

Паводле прэс-рэліза

Фота histmuseum.by