Павел Севярынец сустрэўся са слонімцамі
У сераду, 9 студзеня, у Слоніме грамадскі актывіст, сустаршыня БХД, пісьменнік і публіцыст Павел Севярынец прэзентаваў першую частку свайго рамана «Беларусалім» — кнігі, якую ён пісаў цягам апошніх 12 гадоў.
На пачатку сустрэчы Павел Севярынец прадставіў выданні, прымеркаваныя да 100-годдзя БХД: “100 асобаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”, энцыклапедыю “Люблю Беларусь”, чытанку-маляванку для дзетак “Беларуская хрысціянская азбука”, дыскі з хрысціянскімі спевамі і іншыя.
Лідар БХД распавёў пра гісторыю хрысціянскай дэмакратыі на нашых землях, пра імёны і лёсы вядомых дзеячаў БХД. Потым госць слонімцаў прэзентаваў раман «Беларусалім», які ён пісаў на працягу апошніх дванаццаці гадоў, у тым ліку ў следчым ізалятары КДБ “Амерыканка”, на сутках на Акрэсціна, на хіміі ў Малым Сітне і Купліне.
Зараз выйшла з друку першая частка рамана “Золак”. Наступныя дзве яшчэ чакаюць свайго часу.
Слонімцы маглі не толькі набыць кнігі, але і атрымаць аўтограф аўтара.
Пасля прэзентацыі адбылася размова прысвечаная грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. У прыватнасці, размова ішла і пра абарону Курапатаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім