Чарговы іспыт амерыканскай дэмакратыі



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ва ўласцівай для яго жорсткай манеры дабіваецца ад Палаты прадстаўнікоў ухвалення бюджэта на 2019 год, у якім будзе прадугледжана выдаткаванне 5,7 мільярдаў долараў на пабудову металёвага паркана на амерыкана-мексіканскім памежжы.  Праблема нелегальнай міграцыі ў ЗША насамрэч дастаткова вострая – каля 11 мільёнаў чалавек працуюць і пражываюць у гэтай краіне ў абыходжанне закона, што нясе прамыя пагрозы для бяспекі грамадзян і становіцца дадатковым цяжарам для сацыяльнай сферы.

Нягледзячы на сімвалічнасць сумы для амерыканскага бюджэта, прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША ўпарта адмаўляюцца ад прэзідэнцкай ініцыятывы. Лідар дэмакратаў у сенаце Чак Шумер заяўляе, што сімвалам ЗША з’яўляецца Статуя Свабоды, а не агароджа ад суседзяў. Многія вядомыя амерыканскія палітыкі таксама не ўхваляюць пабудову паркана, называючы рыторыку Трампа аб пагрозе з боку мігрантаў спекулятыўнай.

“Натоўпы жанчын і дзяцей на мяжы з Мексікай – гэта не пагроза нацыянальнай бяспецы, а выклік”, — гаворыць спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі. Дональд Трамп у адказ заяўляе, што, паводле прагнозаў, “у 2019 годзе ад наркотыкаў, якія дастаўляюць у ЗША нелегальныя мігранты, загіне больш людзей, чым жаўнераў падчас в’етнамскай вайны”. У публічных выказваннях прэзідэнта адчуваецца пакрыўджанасць на ідэалагічных апанентаў, якія раней падтрымлівалі ідэю будаўніцтва сцяны, але раптам памянялі свой пункт гледжання, калі дзяржаву ўзначаліў Дональд Трамп. “Калі вы кажаце, што сцяну будаваць амаральна, то чаму тады вы агароджваеце свае сядзібы”, — выказваецца прэзідэнт. У сваім тэлезвароце да амерыканцаў ён гаворыць: “Палітыкі будуюць сцены і брамы вакол сваіх дамоў не таму, што ненавідзяць людзей звонку гэтых сценаў, а таму што любяць людзей унутры іх”.

Зацягнутыя перамовы адносна выдзялення бюджэтных сродкаў на будаўніцтва муру на мяжы з Мексікай выклікала крызіс кіравання ў ЗША. Вось ужо каля 20 дзён не працуе 25% урадавых установаў, музеяў і нацпаркаў, фінансаванне якіх не ажыццяўляецца праз непадпісанне бюджэту перамоўнымі бакамі. Дональд Трамп, нягледзячы на частковы паралюш сістэмы, здавацца не намераны. Відавочна, ён дабіваецца рэалізацыі свайго праекта, які падвысіць ягоны аўтарытэт у вачах прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі. Нягледзячы на тое, што каля 51% амерыканцаў лічаць Трампа вінаватым у палітычным крызісе, каля 80% рэспубліканцаў падтрымліваюць свайго прэзідэнта. Таму барацьба дэмакратаў і рэспубліканцаў у бліжэйшыя дні абяцае быць гарачай.

Супрацьстаянне Дональда Трампа з парламентам – доказ эфектыўнасці амерыканскай дэмакратыі, якая дэманструе на практыцы працу сістэмы стрымак і кампрамісаў. Рашучасць прэзідэнта кампенсуецца неабходнасцю суадносіць яго пазіцыю з меркаваннямі дэмакратаў, якія кантралююць Палату прадстаўнікоў і маюць рашаючыя галасы ў Сенаце. Таму, можна меркаваць, амерыканскім уладам давядзецца выпрацоўваць кампраміснае рашэнне, якое задаволіць усе бакі перамоўнага працэса.

А цяпер давайце паспрабуем спраецыраваць сітуацыю на Беларусь, дзе пытанні нацыянальнай бяспекі залежаць выключна ад адной асобы, якая, не маючы апанентаў у заканадаўчай альбо судовай галінах улады, у надзвычайным выпадку можа прыняць фатальныя рашэнні для Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ