З’явіўся рэгулярны рэйс Берасце-Беласток
Адкрыццё новага міжнароднага маршрута Берасце-Беласток анансавана на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Берасцейскага аўтобуснага парка. Першы рэгулярны рэйс у Падляшскае ваяводства і назад ужо адбыўся 9 студзеня. Жыхары памежжа станоўча ставяцца як да спрашчэння візавага рэжыму, так і да палягчэння транспартнага спалучэння між краінамі-суседкамі:
– Найважнейшае, каб дзве грамадскія супольнасці мелі лепшыя дачыненні. Гэта паляпшэнне пераезду мяжы. Але мы хацелі б, каб і з польскага боку замест ліквідацыі магчымасці атрымаць візы зрабілі нейкую палёгку, каб беларусы не мусілі плаціць такія вялікія грошы.
Кошт квітка з Берасця каштуе 16 беларускіх рублёў, а выезд ажыццяўляецца ў 05:00 па беларускім часе. У зваротным кірунку аўтобус выязджае ў той самы дзень у 12:40 па польскім часе. Курсуе транспарт па панядзелках, серадах, пятніцах і на выходных. Гэта не першая спроба злучыць Берасце і Беласток наўпроставым рэйсам, адлегласць паміж якімі каля 140 кіламетраў. Раней, каб дабрацца з аднаго горада ў іншы грамадскім транспартам, патрэбна была перасадка ў Гародні, Белай Падляшскай альбо ў Варшаве.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота BudgetTravel.by