У Менску назвалі лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці 2018”
Карэспандэнт БелаПАН Таццяна Каравянкова стала ўладальнікам прэміі „Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” ў намінацыі „Журналіст года”. Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі адбылася ўвечары 10 студзеня ў Менску.
Прэмія заснавана Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый. Сёлета яна ўручаецца ў дзясяты раз. Традыцыйна пераможцаў вызначаюць па выніках сумеснага падліку галасоў, пададзеных за намінантаў членамі рабочай групы Асамблеі НДА, а таксама спецыяльна запрошанымі экспертамі з ліку лідараў няўрадавых арганізацый, леташніх пераможцаў прэміі, журналістаў. Сёлета ў журы ўвайшло 112 чалавек.
Таццяна Каравянкова атрымала прэмію „за прафесійнае асвятленне грамадска-палітычнай тэматыкі ў Беларусі”.
У намінацыі „Грамадскі лідар” перамог заснавальнік „Арт Сядзібы” Павел Белавус як адзін з арганізатараў святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Атрымаўшы ўзнагароду, Белавус адзначыў, што яна належыць і заснавальніку БелаПАН Алесю Ліпаю, бо кампанія была галоўным спонсарам святочнага канцэрта 25 сакавіка 2018 года ў Мінску.
У намінацыі „Новая ініцыятыва”, узнагарода ў якой ўручаецца прадстаўнікам грамадскай ініцыятывы, якая найбольш праявіла сябе ў мінулым годзе, перамог Універсітэт імя Ніла Гілевіча.
У намінацыі „Рэгіянальнае падзея” пераможцам прызналі ініцыятыву супраць будаўніцтва акумулятарнага завода „Брэст супраць свінцу”.
У намінацыі „Крэатыў года” прэмія ўручаецца найбольш яркай і крэатыўнай грамадскай акцыі, кампаніі або падзеі. Тут ўзнагароду атрымала ініцыятыва „Дзеткі-кветкі” (Мінск).
У намінацыі „Талака года” пераможцам стала краўдфандынгавая платформа „Талака”.
У намінацыі „Медыяактыўнасць года” ўзнагароды ўдастоіліся кароткія ролікі ў сацсетках і перадача „Мова пра мову” Вінцука Вячоркі.
У намінацыі „Партнёрства года” ўзнагароду атрымала сумесная праца праваабарончых арганізацый Беларусі па падрыхтоўцы даклада для Камітэта ААН па правах чалавека, адукацыйны конкурс „Менеджмент у НДА”.
У намінацыі „Кампанія года” перамагла кампанія па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
У намінацыі „Гарбуз года” прэмія ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх актывістаў. У гэтым годзе намінантамі сталі: кіраўніцтва Мінгарвыканкама (за неўстаноўку памятнай дошкі ў гонар 100-годдзя БНР), намеснік дырэктара мінскай гімназіі № 31 Інеса Ахрамовіч (за прымус вучняў да ўступлення ў БРСМ), кіраўніцтва МУС (за пакаранні з-за скульптуры „Мінскі гарадавы”), інфармацыйнае агенцтва БелТА (за крымінальную справу ў дачыненні да 15 журналістаў), Палата прадстаўнікоў (за прыняцце паправак у закон аб СМІ, якія ўзмацнілі кантроль за інтэрнэтам). Пераможцам прызнана інфармагенцтва БелТА.