Урад Беларусі ўключыў 30 чалавек у рабочую групу па інтэграцыі з Расeяй



Распараджэннем прэм’ер-міністра Сяргея Румаса ад 10 студзеня № 5р створана рабочая група па выпрацоўцы прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі. Яе ўзначальвае міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, а ўсяго ў складзе групы тры дзясяткі чалавек — кіруючых чыноўнікаў з розных міністэрстваў і ведамстваў, КДБ, КДК, Нацыянальнага банка і Акадэміі навук, а таксама Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Згодна з дакументам, рабочая група будзе выпрацоўваць прапановы аб далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі і ўносіць іх у Савет міністраў, пры неабходнасці — з праектамі нарматыўных прававых актаў. Да ўдзелу ў працы могуць прыцягвацца прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду.

Рабочай групе таксама неабходна забяспечыць узаемадзеянне са створанай у Расейскай Федэрацыі рабочай групай па пытаннях расейска-беларускіх адносін.

Дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы па вырашэнні праблемных пытанняў стала вынікам перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў канцы снежня ў Крамлі. З расейскага боку яе ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, у складзе групы будуць прадстаўнікі Дзярждумы, Савета Федэрацыі, Падліковай палаты і іншых ведамстваў.

„Рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэнні тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін”, — паведаміў журналістам першы віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў.

Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня правёў нараду „аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных кірункаў”. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што гаворкі пра аб’яднанне Беларусі і Расеі не ідзе. „Мы з прэзідэнтам Расеі адназначна вызначылі, што сёння на парадку дня такога пытання няма — аб аб’яднанні”, — сказаў ён.

belapan.by