У Глыбокім прайшла творчая сустрэча са Змітром Бартосікам



Cустрэча з бардам, пісьменнікам і журналістам Змітром Бартосікам адбылася ў Глыбокім. Ён прэзентаваў трэцюю па ліку, нядаўна выдадзеную кнігу, “Клініка кітайскага дантыста”. А таксама чытаў свае эсэ з серыі “Беларускія тараканы” ды спяваў “Старыя песні на новыя тэксты”.

Паводле Змітра Бартосіка, кніга “Клініка кітайскага дантыста” пісалася вельмі доўга і яна адразу не задумвалася менавіта як кніга. Гэта быў цыкл перадач “Вострая брама”на радыё “Свабода”, дзе ў яго была рубрыка “Забытыя адрасы”:

– Я ездзіў і шукаў менавіта забытыя адрасы беларускіх культурных герояў: паэтаў 19-га стагоддзя, празаікаў і мастакоў, паэтаў 20-га стагоддзя. Гэтая кніга напоўнена той эпохай, якую зараз прынята называць эпохай застою. Але, калі чытаеш, як яны жылі, чым яны жылі, то нават становіцца крыху зайздросна. Таму, што ў тым застоі стваралася столькі ўсяго цікавага і як высвятляецца геніяльнага, што дай нам Бог пераплюнуць той застой.

На імпрэзе ўсе жадаючыя набылі кнігі з аўтографам аўтара, а таксама дыскі з яго песнямі “Дарога на Вільню”. Некаторыя песні з гэтага дыску прагучалі ў выкананні Змітра Бартосіка падчас сустрэчы ў Глыбокім.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя