У Гомелі вынесены прысуд па справе забойства 35-гадовай даўніны



Гомельскі абласны суд 11 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 55-гадовага жыхара Рэчыцкага раёна, які абвінавачваецца ў здзяйсненні забойства 35 гадоў таму. Ігар Севярынец прызнаны вінаватым і прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, а таксама да прымусовага лячэння ад алкагалізму. Прысуд пакуль не ўвайшоў у законную сілу. 

Вясковец абвінавачаны ў тым, што ў ноч на 27 лютага 1984 года разам са змоўшчыкам напаў на таксіста. Забойцы нанеслі яму не менш як 47 удараў рознымі прадметамі і кінулі паміраць паўголым на замёрзлым возеры ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Здабычай злачынцаў сталі асабістыя рэчы таксіста, партманет, ключы, няшмат грошай. Забітаму Міхаілу Бухману было 23 гады. 

Доўгі час забойства заставалася нераскрытым. Дзякуючы сучасным тэхнічным магчымасцям у 2016 годзе было ўстаноўленае супадзенне адбіткаў далоняў і біялагічнага матэрыялу меркаванага забойцы і мужчыны, які на той час знаходзіўся ў СІЗА. 

Абвінавачанаму на момант забойства быў 21 год. Да пачатку новага працэсу Ігар Севярынец быў судзімы 12 разоў, увогуле правёў у месцах пазбаўлення волі за крадзяжы, у тым ліку аўтамабіляў, махлярства 23 гады.

У пачатку следства ён прызнаўся ў забойстве, напісаў яўку з павіннай і даў паказанні. Але затым адмовіўся ад сваіх слоў, накіраваў шэраг скаргаў у пракуратуру і заявіў, што аператыўныя супрацоўнікі міліцыі прымусілі яго агаварыць сябе. 

Паводле версіі абвінавачанага, у маладосці ён нядоўга працаваў ахоўнікам на заводзе. Насіў форму, падобную на міліцэйскую. „У 2016 годзе, калі я сядзеў у СІЗА, да мяне прыйшоў аператыўны супрацоўнік міліцыі і прымушаў прызнацца ў забойстве. Ён паказаў маю старую фатаграфію, дзе я ў „міліцэйскай” форме, і пагражаў, што пакажа яе іншым зэкам. За гэта мяне маглі „прапусціць праз прэс-хату”, гэта значыць зрабіць „пеўнем”. Таму я прызнаўся ў забойстве. Хаця я не здзяйсняў яго”, — заявіў на судзе мужчына. 

Падчас следства ён казаў, што здзейсніў забойства з прыяцелем. Аднак віна прыяцеля не пацвердзілася. Зараз следства шукае другога зламысніка.

БелаПАН