У Берасці забаранілі два мітынгі супраць акумулятарнага завода



Берасцейскія ўлады чарговы раз забаранілі правядзенне мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, два мітынгі „Берасцейцы супраць свінцу” планаваліся 13 студзеня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў. Берасцейскі гарвыканкам не дазволіў іх, спаслаўшыся на тое, што ў гэты дзень у парку будуць праводзіцца запланаваныя раней камандныя спаборніцтвы па лыжах сярод вучняў устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна горада, прысвечаныя 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

„Як толькі мы падаем заяўкі на мітынгі на гэтай пляцоўцы, там з’яўляюцца „запланаваныя раней мерапрыемствы”. Гэта робіцца спецыяльна, каб фармальна абгрунтаваць забарону акцый супраць акумулятарнага завода”, — заявіў праваабаронца.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 44 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які сабраліся прыблізна дзве тысячы чалавек.

Праціўнікі прадпрыемства збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь