Мінявічы – зімовая вёска на беразе Нёману



Мінявічы – прынёманская вёска ў цяперашнім Мастоўскім раёне. Мясціна ведамая тым, што тут была паромная пераправа і лецішча Элізы Ажэшкі паблізу Нёману.

У Мінявічах жыў таксама беларускі паэт, удзельнік Грамады і ТБШ Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Карась). На стромым беразе была яго хата. Паблізу ракі памятны камень у гонар Міхася Явара, усталяваны грамадскімі актывістамі. Зімой ён зусім замецены снегам.

Пры дарозе перад вёскай, дзе зараз разьмешчаны шыкоўныя сядзібы для адпачынку, усталяваны металёвы крыж і вялікі камень. 

У лесе крыж-помнік на сімвалічнай магіле 40-ка паўстанцаў 1863 году. Актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня былі мясцовы ўладальнік маёнтку Ян Каменскі, жыхары Алесь Карась, Максім Барэйка.

Помнік у лесе пастаўлены яшчэ за польскім часам, пазней ён быў абноўлены. У жніўні 2018 года сябрамі БНФ з Гарадзеншчыны побач з старым помнікам была ўсталявана яшчэ адна стэла ў гонар паўстанцаў з тэкстам па-беларуску. Аднак пасля некалькіх правакацыйных артыкулаў праз тыдзень стэлу знішчылі невядомыя.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара