Смак года
Бадай, Стары Новы год – гэта шанец для ўсіх дэдлайнераў былога СССР… Адчуць, што Новы год такі прыйшоў. Брутальна і насамрэч – не адкруцішся!
Смак новага дня і года ў кожнага свой… Тут важна не расцягваць Шчодры вечар на ўвесь год ды ўтрымліваць баланс паміж добрымі і дрэннымі звычкамі.
Маладэчанская міліцыя чарговы раз знайшла сапраўдны цэх самагонаварэння. Праваахоўнікі не змаглі абысці ўвагай цэлую тону брагі. Вытворчасць наладзіў мясцовы жыхар у сваім хляве – вырашыў такім чынам праблему свайго працаўладкавання. Па аператыўных дадзеных (чытай – камусьці чагосьці не хапіла!), у ходзе агляду гаспадарчай пабудовы на прыватным падворку знайшлі самагонны апарат і 941 літр гатовай брагі.
Вывезці абсталяванне па вырабе напою, які дапамагае многім вяскоўцам перажыць зімовую хандру, было няпроста… Аператыўнікі пазвалі на дапамогу мясцовае сельгаспрадпрыемства. Брагу знішчылі. Гаспадаром «бізнес-ініцыятывы» ўжо не першы раз выявіўся 29-гадовы мясцовы жыхар. Афіцыйна непрацуючы. Фігурант справы прыцягваўся раней да адміністратыўнай адказнасці за аналагічныя правапарушэнні, піша “Рэгіянальная газета”. Па справе ідзе праверка.
Што будзе далей з персанажам – пакажа час… Якраз і час спрыяльны. Для варажбы. Шчадрэц. Стары Новы год… Нездарма ж нашы продкі, паеўшы ўсе каўбасы і выпіўшы ўвесь самагон, паваражыўшы і спеўшы ўсе песні, ішлі ў палонку акунацца… На Вадохрышча. Ну, хтосьці ж ішоў. У прыватнасці, продкі вытрымлівалі баланс лепш.