Эксперты прагназуюць далейшае зніжэнне чыстага продажу валюты



У гэтым годзе скарачэнне чыстага продажу замежнай валюты насельніцтвам можа працягнуцца. Такое меркаванне выказалі БелаПАН фінансавыя аналітыкі, каментуючы статыстычныя дадзеныя пра аб’ёмы куплі-продажу замежнай валюты ў 2018 годзе.

На мінулым тыдні Нацбанк паведаміў, што ў 2018 годзе насельніцтва на чыстай аснове прадало (у наяўнай і безнаяўнай форме) замежнай валюты на 1,11 млрд долараў. У параўнанні з 2017 годам фізасобы скарацілі чысты продаж замежнай валюты амаль на 37%.

„Зніжэнне чыстага продажу замежнай валюты звязана з тым, што скараціліся валютныя запасы ў насельніцтва. Мы бачылі, што фізічныя асобы даўно актыўна выходзілі на рынак, на чыстай аснове прадалі мільярды долараў, і, відавочна, так бясконца працягвацца не можа”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Сlub Валерый Палхоўскі.

На думку экспертаў, скарачэнню чыстай прапановы замежнай валюты спрыяе таксама сітуацыя на рынку спажывецкага крэдытавання.

„Працэнтныя стаўкі ў 2018 годзе знізіліся да гістарычнага мінімуму, і спажыўкрэдытаванне на гэтым фоне моцна вырасла”, — адзначыў дырэктар па развіцці кампаніі „ФТМ Брокерс” Аляксандр Сабодзін.

Адпаведна, працягнуў ён, вялікай матывацыі прадаваць валюту, каб рабіць пакупкі, у насельніцтва не было. „І ў 2019 годзе, калі на валютным рынку захаваецца адносная стабільнасць, чысты продаж валюты будзе яшчэ меншы, чым у мінулым годзе”, — мяркуе Сабодзін.

Фінансавыя аналітыкі прагназуюць, што сітуацыя на ўнутраным валютным рынку ў 2019 годзе будзе залежаць ад знешніх фактараў.

„Паводзіны беларусаў на валютным рынку ў 2019 годзе будуць працягваць залежаць ад знешніх фактараў — уплыву заходніх санкцый і сусветных цэн на нафту на Расею. Пакуль па гэтых пытаннях захоўваецца высокая нявызначанасць: на нафтавым рынку цэны моцна вагаюцца і характар магчымых антырасейскіх санкцый пакуль таксама няясны”, — канстатуе Аляксандр Сабодзін.

На думку назіральнікаў, на валютны рынак таксама будзе аказваць уплыў зыход беларуска-расейскіх перамоў па падатковым манеўры, з-за якога валютныя страты Беларусі ў 2019—2024 гадах могуць скласці 10,5 млрд долараў.

БелаПАН