Труп ля пад’езда
Гэта зімовы паслянавагодні тэкст.
13 студзеня на вуліцы Свярдлова ў Воршы на лаўцы каля пад’езду сядзеў труп. Прыехала міліцыя – накрылі чорным.
Наша суседка бачыла ўжо накрытым і сказала, што па абутку бачна – не стары. Напісаў пра гэта здарэнне рэгіянальны сайт – уразілі каментары – „спакойная смерць”, „у мяне аднакласніца так памерла”.
„У нас так памерла адна з сямейніц – на лавачцы, праўда, прыпынку, – піша бард Анрэй Міельнікаў, – Відаць і ў іншых тваіх каментатараў былі падобныя смерці на памяці. Апроч фатальнасці, тут і сведчанне нармальнасці аршанцаў”.
Фатальнасць, як быццам бы такі спосаб памерці – пажаданы.
У студзені 2019 года ў Воршы з’явіліся совы (ці пугачы).
10 студзеня каля былой першай школы сядзела на дрэве – рудая, худая з вушкамі, слупком сава. Пад дрэвам сабраліся людзі і фатаграфавалі саву.
Заходжу ў цёплае памяшканне кнігарні – акуляры запацелі ад марозу – нічога не бачу – выцягнула сурвэткі, пачала акуляры праціраць – працерла, надзела, бачу перад сабой скрыўлены грымасай твар добрага даўнейшага сябра, які са мною не размаўляе. Запацелыя акуляры – зімовая праблема.
А 8 студзеня ўскрылі сёння ў Воршы „Капсулу часу” у 11 раніцы, 300 чалавек прыйшло, зачыталі, а там усё па-беларуску было напісана пасланне нашчадкам з 1969 у 2019.
Аднеслі ў музей. І новую „капсулу часу” засунулі ў гарвыканкам, напісалі там па-расейску, а што напісана – не сказалі – і не даведаемся мы ўжо, бо ўскрыюць капсулу пра 48 гадоў – на 1000 -годдзе горада Ворша.