Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе 6-10 лютага



XXVI Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе 6-10 лютага ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14, паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Кніжны форум будзе прысвечаны Году малой радзімы і ІІ Еўрапейскім гульням, а таксама юбілеям класікаў беларускай літаратуры і памятным гістарычным датам Беларусі.

Упершыню выстава будзе праводзіцца не толькі на пляцоўках выставачнага комплексу, але і ў кніжных магазінах, бібліятэках і музеях, будуць арганізаваны літаратурныя экскурсіі, паэтычныя маршруты і тэматычныя семінары. Плануецца абмеркаваць сусветныя тэндэнцыі ў афармленні кніг, краўдфандынг, літаратурную крытыку і блогінг, работу ў сацыяльных сетках і іншыя пытанні кніжнай галіны.

У час выстаўкі арганізуюць сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі, майстар-класы, будзе працаваць дзіцячая пляцоўка. Экспазіцыя „Друкарскі двор XVI стагоддзя” прадэманструе ўнікальную абстаноўку старадаўняга друкарскага двара.

Акрамя таго, адбудзецца міжнародны сімпозіум літаратараў „Пісьменнік і час” 6-7 лютага з удзелам аўтараў з краін блізкага і далёкага замежжа, а таксама семінар маладых літаратараў і перакладчыкаў.

На цэнтральнай пляцоўцы пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 58-га нацыянальнага конкурсу „Мастацтва кнігі” і конкурсу маладых літаратараў „Першацвет”.

У гэтым годзе пачэсным госцем форуму стануць Злучаныя Штаты Амерыкі.

belta.by