Навагодні падарунак 2019



Ад Новага году, да Старога Новага году цэлых два тыдні. А можа ўсяго два. Гэта як хто лічыць. Гэта як з той шклянкай, якая для адных напалову поўная, а для другіх напалову пустая. І нават калі тая шклянка навагодні падарунак, усё адно філасофскі складнік застаецца. Бо гэта прэзент зусім іншага кшталту, і яшчэ трэба падумаць, браць яго, ці не.

Ёсць і трэцяя катэгорыя людзей, якім больш важна не колькі там наліта ў той шклянцы, ці колькі там недаліта, а важна для іх што там наліта. Бо ў цяперашні час па знешнім выглядзе або паху вызначыць змесціва амаль нерэальна. Такі вось падманны час прыйшоў, што падробка ўжо таксама лічыцца легальным прадуктам.

Да чаго гэта я вяду? Ды да навагодніх падарункаў, канешне ж. Да падарункаў ад беларускай улады свайму народу. Беларусы прывыклі, што на Новы год прэзенты ім гарантаваныя. Ды такія, якія выклікаюць бурныя эмоцыі. А што нашае жыццё? Ну канешне ж эмоцыі! Якія эмоцыі, такое і жыццё.

Кожны новы год эмоцыі зашкальваюць. Ці курс рубля зваліцца ніжэй плінтуса, ці цэны на паслугі вырастуць, ці і тое і другое… Ну а гэтым разам варыянт трэці. І незразумела што там наліта ў той шклянцы. Хоць пахне як звычайна, ды і на выгляд ужо звыклае нешта, а вось пра змесціва адны дагадкі.

Ну з’ездзіў перад Новым годам беларускі кіраўнік у Маскву па падарункі для беларускага народа, ці па што яшчэ там. Сказаць цяжка па што. Да канца не рассакрэцілі. Ды не адзін раз з’ездзіць прыйшлося. Што ад яго хочуць там, збольшага зразумела. Свае жаданні расейскі кіраўнік агучыў ужо даўно. І трэба аддаць яму належнае, яны не мяняюцца і ён стабільна рухаецца да іх рэалізацыі. Гэта прага далучыць Беларусь да Расейскай Федэрацыі часткамі або цалкам. Лепш, канешне, цалкам. Чаго тут драбязнічаць. І намераў сваіх крамлёўскі гаспадар не хавае.

А вось з чым беларускі начальнік вярнуўся з Масквы, з падарункамі, ці з голымі рукамі, надалей застаецца загадкай. Лепш канешне з пустымі. Бо падарункі адтуль могуць і не засмакаваць. Як сцвярджае мудрая лацінская фраза з паэмы Вяргілія “Энеіда”: “Баюся Данайцаў і тых, хто дары прыносіць”. 

І вось ужо два тыдні, ад новага году да старога, беларуская грамадскасць стараецца гэта разгадаць. Прычым на ўсіх роўнях. Аналітыкі, палітолагі, журналісты, палітыкі, грамадскія актывісты, блогеры і іншы неабыякавы народ стараецца прааналізаваць, як сябе ў пятым куце павядзе загнаны начальнік Беларусі. І хоць на Стары Новы год не аналізаваць, а гадаць трэба, сутнасць аналізу не мяняецца. Усё зводзіцца да таго, што выбару сабе беларускі начальнік амаль не пакінуў.

І неяк нечакана некаторыя палітычныя дзеячы Захаду сталі прыязджаць невядома чаго. І вугорскі міністр замежных спраў і знешняга гандлю адразу пасля Старога Новага году наведае Беларусь. А адразу за ім з рабочым візітам завітае міністр замежных спраў Аўстрыі, якая на сваім вяселлі эфектна вытанцоўвала з гаспадаром Крамля. Цікава на чыім баку яна зараз танцуе? Якіх танцаў ад яе чакаць цяпер, Крамлёўскіх, ці Брусельскіх?

Ды і ў самым Бруселі для беларусаў падрыхтавалі някепскі навагодні падарунак на 2019-ты год. Адтуль параілі палякам, мякка кажучы параілі, каб тыя адмянілі для жыхароў сінявокай самыя папулярныя, даступныя і распаўсюджаныя шангенскія візы “па закупы”. Выглядае, што і там больш зацікаўленыя, каб беларусы ў Расею ездзілі, а не ў Польшчу.

Сам жа беларускі кіраўнік заявіў, што сёння на парадку дня такога пытання як уваход Беларусі ў Расею няма. Ці гэта значыць, што яно будзе заўтра, невядома. Але Урад Беларусі тэрмінова ўключыў трыццаць чалавек у рабочую групу па інтэграцыі з Расеяй.

Просты ж люд беларускі, ды і часамі не зусім просты, сцвярджае, што ніхто не прымусіць беларускага лідара рабіць тое, чаго ён не хоча. Але, як і заўсёды, больш спадзяюцца не на кагосьці, а на сябе. І ўжо пагаворваюць, што яны рабіць стануць калі што. Хто ўцякаць, а хто хавацца, ну а нехта і не здавацца. І з традыцыйнай беларускай цярплівасцю раяць не спяшацца адчыняць той падарунак. Хай пакуль упакаваны будзе.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ