Паслугі ЖКГ у 2018 годзе падаражэлі на 11%



На 11,11% падаражэлі ў 2018 годзе жыллёва-камунальныя паслугі, сведчаць дадзеныя Белстата. Гэта ў 1,97 разу больш за агульны рост цэн (на 5,64%) і ў 1,38 разу больш за агульны рост тарыфаў на паслугі (на 8,08%).

Тарыф на халоднае водазабеспячэнне і водаадвядзенне павялічыўся на 34,32%, абыходжанне з адходамі — на 16,37%, электразабеспячэнне — на 11,07%, карыстанне ліфтам — 10,25%, тэхабслугоўванне жылых памяшканняў — на 9,50%, газазабеспячэнне — на 7,26%. Ацяпленне патаннела на 0,13%.

Больш за ўсё ЖКП падаражэлі за год у Гарадзенскай вобласці — на 11,72%. Далей: Менск — на 11,48%, Віцебская вобласць — на 11,32%, Гомельская — на 11,08%, Берасцейская — на 10,87%, Менская — на 10,59% і Магілёўская — на 10,53%.

У рэгіёнах, як сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных Белстата, назіраўся значны роскід змены тарыфаў на асобныя віды жыллёва-камунальных паслуг. Да прыкладу, калі ў Менску халодная вада стала даражэйшай на 16,62%, то ў Берасцейскай вобласці — на 24,85%. Гарачая вада ў Магілёўскай вобласці патаннела на 0,28%, а яе кошт у Гомельскай вобласці павялічыўся на 4,42%. За ацяпленне сталі плаціць на 2,56% менш у Берасцейскай вобласці і на 3,59% больш — у Менскай. Вываз і ўтылізацыя адходаў у сталіцы падаражэлі на 38,60%, а ў Менскай вобласці — патаннелі на 1,69%. Тарыф на халодную ваду і каналізацыю найбольш павысіўся ў Берасцейскай вобласці — на 39,59%, найменш — у Менску — на 27,27%.

За апошнія пяць гадоў (2014—2018) кошт ЖКП узрос у 2,72 разу пры агульным росце спажывецкіх цэн у 1,59 разу і тарыфаў на ўсе віды паслуг у 2,05 разу. Газазабеспячэнне падаражэла ў 2,21 разу, электраэнергія — у 2,35, гарачая вада — у 2,44, вываз і ўтылізацыя адходаў — у 2,74, тэхабслугоўванне — у 3,72, халодная вада — у 4,90, карыстанне ліфтам — у 8,71 разу. Сярэдняя налічаная зарплата работнікаў за гэты перыяд (выключаючы снежань 2018 года — дадзеныя за гэты месяц яшчэ не апублікаваныя) павялічылася ў 1,70 разу.

belapan.by

Фота rh.by