«Віцебская вясна» абвясціла імёны Абаронцаў правоў чалавека – 2018



Рэдакцыя самага ўплывовага праваабарончага інтэрнэт-рэсурсу Віцебскай вобласці „Віцебская вясна” адзначыла заслугі як асобных актывістаў, так і арганізацый ды грамадзянскіх ініцыятыў у прасоўванні і абароне правоў чалавека ў рэгіёне. 

Сярод пераможцаў ёсць і наша калега з Глыбокага  Таццяна Смоткіна, якая стала лаўрэаткай у намінацыі «За журналісцкую дзейнасць у прасоўванні каштоўнасцяў правоў чалавека».

– Гэта было нечакана. Я дзякую “Віцебскай вясне” за тое, што нашую дзейнасць яна заўважыла. Як бы там не было, мы працуем і дапамагаем людзям бараніць правы. Часта звяртаюцца людзі з рознымі праблемамі, часам як да апошняй інстанцыі. Яны кажуць дзяржаўным служачым, што калі вы не вырашыце нашу праблему, будзем звяртацца да незалежных журналістаў. І ўжо гэтага часам бывае дастаткова, і ў  людзей вырашаюцца праблемы.

Нават вялікія штрафы, якія прысуджаюць журналістцы за супрацу з незарэгістраваным сродкам масавай інфармацыі, не спыняць яе ад далейшай працы, дадае  Таццяна Смоткіна.

– Я як працавала, так і буду працаваць. І гэтыя суды не ўздзейнічаюць на мяне. Але я заўжды аб’ектыўна разбіраюся ў сітуацыях. Таму што бывае і перабольшваюць людзі ў чымсьці, але трэба ўсё ж такі падыходзіць аб’ектыўна. І, канешне, мы і далей будзем дапамагаць людзям і асвятляць падзеі, звязаныя з парушэннем правоў чалавека.

Сярод адзначаных «Віцебскай вясной» таксама апынуўся калега Таццяны Смоткінай Зміцер Лупач, а таксама палітвязень Міхаіл Жамчужны, Павел Левінаў, Таццяна Севярынец, Арт-прастора VZAP «За развіццё традыцыяў абароны правоў чалавека сярод моладзі і ўнёсак у праваабарончую адукацыю» ды шэраг іншых асобаў і арганізацый. Большасць з тых, хто стаў пераможцам, не з’яўляюцца так званымі прафесійнымі праваабаронцамі або сябрамі праваабарончых арганізацый.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя