Сілуанаў: Дагавор пра стварэнне Саюзнай дзяржавы неабходна актуалізаваць
Дагавор пра стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі неабходна актуалізаваць, заявіў першы віцэ-прэм’ер — міністр фінансаў Расейскай Федэрацыі Антон Сілуанаў у інтэрв’ю тэлебачанню РБК 15 студзеня.
„Мы ўжо казалі пра тое, што ў нас, з аднаго боку, ёсць дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. З іншага боку, па праўдзе сказаць, — у апошнія гады рух па шляху стварэння Саюзнай дзяржавы затармазіўся і практычна не рэалізоўваўся”, — адзначыў ён .”У чым рознагалоссі: мы цяпер праводзім падатковыя змены, у першую чаргу звязаныя з нафцянкай, — растлумачыў першы віцэ-прэм’ер. — Мы ствараем умовы, каб стымуляваць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізаваць сваю вытворчасць. І гэта робіцца за кошт паніжэння экспартных пошлін. Мы павышаем ўнутранае падаткаабкладанне і даем субсідыі нашым нафтаперапрацоўшчыкам ў выпадку, калі яны падпісваюць з намі пагадненне аб выкарыстанні гэтых рэсурсаў, у выглядзе субсідый, на мадэрнізацыю сваіх прадпрыемстваў”.
Паводле яго слоў, „гэта нашы ўнутраныя змены падатковага заканадаўства, гэта рашэнне абсалютна па-за палітыкай”. „Але калегі лічаць, што мы такім чынам хочам неяк паўплываць на рашэнне інтэграцыйных пытанняў, на рашэнне якіх-небудзь палітычных праблем. Я магу сказаць, што гэта абсалютна не так”, — заявіў ён.
Пры гэтым Сілуанаў прызнаў, што паніжэнне экспартных пошлін і павышэнне ўнутранага падаткаабкладання ў Расіі „прыводзіць да падаражання пастаўлянай у Беларусь нафты на бяспошліннай аснове”.
„Яны кажуць: давайце нам таксама, нашым прадпрыемствам і нашаму бюджэту, такія ж субсідыі, якія вы сваім даяце”, — распавёў ён.
„Даваць субсідыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б, — заявіў першы віцэ-прэм’ер. — Яны не з’яўляюцца нашымі падаткаплацельшчыкамі, не плацяць у наш бюджэт. Гэта, вядома ж, можна было б зрабіць, калі б была ў нас больш глыбокая ступень інтэграцыі. Мы пра гэта і гаворым. Калі хочаце такі ж рэжым — давайце вернемся да нашай саюзнай дамовы і будзем рухацца не толькі ў гэтым кірунку (а ён, дарэчы, ёсць у саюзнай дамове), але і ва ўсіх астатніх”.
Пры гэтым ён заявіў, што „рашэнні аб стварэнні саюзнай дзяржавы не выконваюцца, яны выконваюцца дзесьці на 10 працэнтаў”.
„Зараз у нас створаная рабочая група з расейскага і беларускага боку, мы павінны паглядзець на тэкст саюзнай дамовы, прапанаваць яго актуалізаваць. І тады, калі мы хочам, — інтэгравацца. Мы не пярэчым супраць гэтага. Мы ўвесь комплекс пытанняў павінны разгледзець, а не толькі гэтае — дайце нам субсідыі”, — падкрэсліў Сілуанаў.
„Мы кажам: давайце абновім дагавор, але калі мы будуем Саюзную дзяржаву, нейкія яго прынцыпы павінны выконвацца. І тады адзін з элементаў роўных умоў для асобных прадпрыемстваў таксама павінен выконвацца. Нельга выхопліваць асобныя элементы і лічыць, што мы вядзем сябе не па-партнёрску. Мы як раз па-партнёрску сябе паводзім”, — адзначыў Сілуанаў.
„Вядома, мы дапамагалі і будзем дапамагаць свайму суседу і саюзніку”, — запэўніў віцэ-прэм’ер. Паводле яго слоў, Расія захоўвае падтрымку Беларусі „ў выглядзе крэдытаў”. „Мы пастаўляем бяспошлінна нафту нашым суседзям, па нізкай цане пастаўляем газ. Гэта вялікія мільярды долараў штогод”, — падкрэсліў Сілуанаў.
Фота Новые Известия