Партыю БНФ высяляць не будуць
Эканамічны суд Менска 16 студзеня адмовіў у задавальненні іску аб высяленні Партыі БНФ са сталічнага офіса па вуліцы Чарнышэўскага, 3, дзе зарэгістраваныя партыя, грамадскае аб’яднанне „БНФ „Адраджэнне”, а таксама іх менскія гарадскія і абласныя структуры.
Пры гэтым партыю абавязалі выплаціць 980 рублёў судовых выдаткаў.
Істцом выступіла дзяржустанова „Домэнергасервіс”. Паводле слоў яго прадстаўніка, Партыя БНФ ужо 30 месяцаў дапускае запазычанасці па аплаце арэнды памяшкання і камунальных плацяжах.
Сёння суд разгледзеў першы іск „Домэнергасервісу”. 31 студзеня плануецца разгляд аналагічных іскаў да ГА „БНФ „Адраджэнне” і гарадскіх арганізацый партыі і аб’яднання, якія таксама зарэгістраваныя ў памяшканні па адрасе: вул. Чарнышэўскага, 3.
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у судзе растлумачыў, што арганізацыя пастаянна сутыкаецца з праблемамі ў сувязі з ростам арэнднай платы за офіс. На сёння, паводле яго слоў, арэнда складае прыблізна дзве тысячы рублёў, яшчэ прыкладна тысяча ідзе на камунальныя плацяжы.
Падчас спрэчак магчымую адмову ў арэндзе памяшкання Кастусёў назваў не эканамічным, а палітычным рашэннем, якое нанесла б шкоду іміджу Беларусі як унутры краіны, так і за мяжой. Ён таксама адзначыў, што і бюджэт горада атрымліваў бы менш плацяжоў, бо сёння ў сталіцы каля 730 памяшканняў, якія не атрымліваецца здаць у арэнду.
„Разгляду іску як такога сёння не было, бо мы аплацілі запазычанасць па арэндзе офіса Партыі БНФ і камунальных плацяжах за лістапад і снежань мінулага года, — пракаментаваў журналістам рашэнне суда Кастусёў. — Падача іску, хутчэй, мела палітычны падтэкст: паставіць заслон дзейнасці партыі, асабліва напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх кампаній”.
Але суд, падкрэсліў палітык, усё ж вырашыў партыю не высяляць. „Я з павагай стаўлюся да Эканамічнага суда Менска. Але ясна, што гэта не яго рашэнне, а вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Сказана не высяляць — не выселілі. Сказалі абавязаць партыю кампенсаваць выдаткі суда — так і зрабілі. Хоць зразумела, што гэта парушэнне, бо іск задаволены не быў”, — дадаў Кастусёў.
Партыя БНФ арандуе памяшканне па вуліцы Чарнышэўскага, 3, з 2011 года.