Беларусь – у эпіцэнтры інфармацыйнай вайны
Выглядае на тое, што за Беларусь узяліся сур’ёзна. Толькі за два тыдні – некалькі ўкідаў у сацыяльныя сеткі, ад якіх узнялося бурленне ў расейскіх топавых СМІ з месыджам: “Нашых б’юць”. Гаворка ідзе пра два ролікі, у якіх “радыкальна настроеныя беларусы” замахнуліся на два складнікі ідэнтычнасці сучаснага расейца: георгіеўскую стужку і казацкую папаху.
У першым відэа ананімны беларус тлумачыць таксісту, які павесіў над люстэркам задняга віду ў машыне сумнеўную стужку, што так рабіць не трэба. Герой роліка называе таксіста “сепарам”, ужывае брудную лаянку, пагражае яму фізічнай расправай. Таксіст пасля ваганняў стужку здымае. У другім відэа зафіксаваная эпічная сцэна “выгнання казака з вагону менскага метро”. У чым палягаў канфлікт, невядома. Гэта застаецца за кадрам. Мы ж бачым канцоўку, у якой невядомы беларускамоўны хлопец збівае папаху з галавы расейскага казака і крычыць на яго фальцэтам па-беларуску. Абодва відэаролікі выклікаюць неадназначнае ўражанне. З аднаго боку, няма сумневу, што хамства расейскай улады, якая не паважае незалежнасць Беларусі, правакуе беларусаў на радыкальныя дзеянні. З іншага боку, абодва абаронцы суверэнітэта выглядаюць, мякка кажучы, не надта шляхетна. Выкарыстанне фізічнай сілы і лаянка – цудоўны відэашэраг для расейскіх прапагандыстаў, якія толькі і чакаюць падобных сюжэтаў для ўздыму істэрыі з лямантам “Беларусь НАШ”.
На гэтым тыдні не абышлося без чарговага ўкіду ў сацыяльных сетках, які можна параўнаць з неўміручым шэдэўрам расейскай прапаганды пра “ўкрыжаванае ўкраінскімі жаўнерамі рускамоўнае немаўля”. Жыхар Смаленску па прозвішчу Цярэшчанкаў змясціў допіс у фэйсбуку, у якім апісаў сцэну ў жанры файтынга. Дзея, калі верыць расказчыку, адбывалася ля сталічнага чыгуначнага вакзала. Там, дзе звычайна плюнуць нельга, каб не трапіць выпадкова ў праваахоўніка. Дзе на кожным кроку – па тры відэакамеры. Але пра гэта, вядома, у тым допісе аніводнага слова. Затое напісана пра тое, як па-пацыфісцку настроены расеец з малагадовай дачкой адбіваліся ад трох азвярэлых беларускіх нацыяналістаў, якія, пачуўшы, што госць сталіцы не валодае беларускай мовай, наляцелі на яго з прыёмамі каратэ. Але расейскі госць аказаўся не такі просты, а з навыкамі рукапашнага бою, таму ён перамог. Пацярпелі толькі дачка (у яе нервовы зрыў) і парвалася куртка. На гэты маргінальны допіс можна было б не звяртаць увагу, калі б не шырокае тыражаванне яго ў сацыяльных сетках. Пасля гэтага ў фэйсбуку актывізаваліся расейскія тролі, якія адкрыта пачалі пагражаць беларусам і замахвацца на тэрытарыяльную цэласнасць. Адметна, што пасля візіту сотняў беларускіх інтэрнаўтаў на старонку аўтара допіса гэты адыёзны опус быў выдалены. Відаць, спадар Цярэшчанкаў вырашыў прыбраць хлуслівую прапаганду са сваёй старонкі. Увогуле мэта такіх допісаў заключаецца ў тым, каб пасеяць варажнечу паміж народамі, дэгуманізаваць ідэалагічных апанентаў. Такія дзеянні цалкам падпадаюць пад дзеянне беларускага Крымінальнага кодэкса. Перакананы, што і ў расейскім заканадаўстве ёсць нешта падобнае. Але з улікам таго, што антыбеларуская істэрыя там тыражуецца нават на падкантрольных дзяржаве тэлеканалах, то становіцца зразумелым, што ўсе гэтыя ўкіды – звяно аднаго ланцуга.
Беларускае грамадства павінна востра рэагаваць на замахі на нашую незалежнасць. Аднак рабіць гэта трэба пісьменна, у рамках закону, не ліць ваду на млын апанентаў. У выпадку з таксістам варта ўсё-такі было пазбягаць ненарматыўнай лексікі, спакойна патлумачыць сваю пазіцыю, апеляваць найперш да закону. Што да здарэння з казаком у метро (калі гэта не пастаноўка), то відэа трэба было здымаць ад пачатку, каб былі бачныя прычыны канфлікта. У такім выпадку ў гледачоў бы не паўстала ўражанне, што казака пакрыўдзілі проста “за нашэнне галаўнога ўбору”.