Прэтэндэнты на прэзідэнцтва



Першым у апазіцыйным лагеры пра свае намеры аб вылучэнні кандыдатуры заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч. Ягоную кандыдатуру збіраецца вылучаць Беларускі Нацыянальны Кангрэс – незарэгістраваная структура, якая аб’ядноўвае некалькі рухаў праеўрапейскай скіраванасці і прафсаюз РЭП. Падчас галасавання за вылучэнне Мікалая Статкевіча тры асобы ўстрымаліся. Гэта экс-кіраўнік РЭП Генадзь Фядыніч, грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка і старшыня руху “Разам” Алена Талстая. Астатнія падтрымалі памкненне свайго лідара.

У палітыка Мікалая Статкевіча ёсць пазітыўныя бакі, якія даюць яму фору сярод супернікаў ад апазіцыйных структур. У прыватнасці, ён мае адносна высокі ўзровень пазнавальнасці сярод электарату, паколькі застаўся ці не адзіным апазіцыянерам, які пасля разгрому дэмакратычных палітычных сіл у 2010 годзе працягваў сваю дзейнасць. Па выхадзе з турмы, у якой ён адбыў турэмны тэрмін за арганізацыю масавых закалотаў, Мікалай Статкевіч працягнуў вулічную барацьбу, якая вылілася ў серыю паспяховых акцый супраць прэзідэнцкага Дэкрэта 3 “Аб сацыяльным утрыманстве”. Нягледзячы на крытычнае стаўленне з боку многіх дэмакратычных лідараў, улада насамрэч даволі сур’ёзна ставіцца да патэнцыяла Мікалая Статкевіча. Пра гэта сведчаць выпадкі ізаляцыі яго напярэдадні акцый у 2017 годзе, а таксама кампанія па дыскрэдытацыі і рэпрэсіі супраць блізкіх. Дзякуючы бескампраміснай рыторыцы Статкевіч заваяваў аўтарытэт у радыкальнай часткі беларускага грамадства, якая звязвае свае матэрыяльныя праблемы з правалам эканамічнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак Мікалай Статкевіч мае таксама істотныя недахопы, якія наўрад ці дазволяць яму ачоліць прэзідэнцкую гонку ў Беларусі. Гаворка ідзе пра ягонае няўменне весці сістэмную і камандную працу, пра што сцвярджаюць многія з былых паплечнікаў дадзенага прэтэндэнта. Ёсць у сітуацыі з вылучэннем гэтага кандыдата і фармальны бок. Беларускае выбарчае заканадаўства не дазваляе асобам, якія маюць крымінальнае мінулае (хай нават па сфабрыкаванай палітычнай справе), вылучацца ў прэзідэнты. Адзін гэты факт робіць кампанію па вылучэнні Мікалая Статкевіча маласэнсоўнай.

З разбежкай у некалькі гадзін сваю стратэгію на бліжэйшую палітычную кампанію агучылі прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі. Сустаршыня незарэгістраванай БХД Павел Севярынец распавёў пра тое, што АГП, БХД і Рух “За свабоду” правядуць праймерыз, у выніку чаго будзе абраны кандыдат ад гэтых палітычных структур. Павел Севярынец у інтэрв’ю парталу “Хартыя 97” падрабязна распавёў пра тое, як будзе адбывацца народнае галасаванне за прэтэндэнта, пра каардынацыю сіл паміж іншымі суб’ектамі і шансах дэмакратычнай апазіцыі. Паводле палітыка, беларуская апазіцыя можа перамагчы толькі ва ўмовах форс-мажорных абставін, якімі з’яўляюцца: 1. Умяшальніцтва Расеі ў беларускі выбарчы працэс у брутальнай форме; 2. Адхіленне ад улады дзейнага кіраўніка дзяржавы ў рэзультаце хваробы альбо палацавага перавароту; 3. Масавыя хваляванні. Павал Севярынец таксама распавёў пра першыя крокі дэмакратычных сіл у выпадку перамогі. Асноўны блок перамен будзе датычыць рэфармавання выбарчага заканадаўства, сілавога блоку, судовай сістэмы і сістэмы мясцовага самакіравання. Словам, нічога фундаментальна новага, але патрэба ў гэтых пераменах усё больш усведамляецца беларускім выбарцам, узровень палітычнай актыўнасці якога расце па меры пашырэння пратэстных настрояў у грамадстве.

Усе тры прэтэндэнты ад правацэнтрысцкай кааліцыі (Павел Севярынец, Мікалай Казлоў і Юрый Губарэвіч) не могуць пахваліцца дастатковым узроўнем пазнавальнасці ў беларускім грамадстве. Для раскруткі гэтых лідараў проста няма часу і неабходных рэсурсаў. І правядзенне праймерыз, за чым будзе сачыць ад сілы некалькі тысяч інтэрнаўтаў, наўрад ці выправіць сітуацыю.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ