Пасольства Польшчы адкрые ў Менску кнігу спачуванняў у сувязі з забойствам мэра Гданьска



У пасольстве Польшчы ў Беларусі будзе адкрытая кніга спачуванняў у сувязі з забойствам мэра Гданьска Паўла Адамовіча. Пра гэта паведамляе прэс-служба пасольства.

У сувязі са смерцю Адамовіча прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў рашэнне абвясціць нацыянальную жалобу з 17.00 18 студзеня да 19.00 19 студзеня.

Пакінуць запіс у кнізе спачуванняў у пасольстве можна будзе з 10.00 да 15.00 21 студзеня. Адрас пасольства: Менск, вул. Змітрака Бядулі, 11 (10-ты паверх).

Мэр Гданьска Павел Адамовіч быў паранены нажом падчас дабрачыннага канцэрта ўвечары 13 студзеня. Калі ён быў на сцэне, туды забег раней судзімы 27-гадовы мясцовы жыхар і некалькі разоў ударыў мэра нажом. Злачынец пракрычаў у мікрафон, што гэта помста за нібыта несправядлівы турэмны тэрмін.

Адамовіч памёр у бальніцы 14 студзеня. Ён кіраваў Гданьскам 20 гадоў. На апошніх мясцовых выбарах, якія прайшлі ў мінулым годзе, ён заручыўся падтрымкай 65% насельніцтва.

БелаПАН