Двухсэнсоўны падарунак Пуціну ў Сербіі



Не з той краінай Расея будуе Саюзную дзяржаву. Такое ўражанне ўзнікла па праглядзе навін з Сербіі, куды з афіцыйным візітам адправіўся Уладзімір Пуцін. Паводле самых сціплых падлікаў, на плошчы ў сталіцы Сербіі, каля храма святога Савы, сабраліся ля 100 тысяч чалавек. Людзі ехалі ў Белград з усіх рэгіёнаў краіны, везлі з сабой сцягі Сербіі і РФ. Твар расейскага прэзідэнта выпраменьваў шчасце, бо такога народнага ўздыму ад сваёй асобы ён не бачыў даўно ані ў сябе дома, ані ў былых постсавецкіх рэспубліках. Энтузіязм натоўпа настолькі натхніў расейскага нацлідара, што ён нават два словы прамовіў па-сербску, вітаючы сяброў. Калі па-ўкраінску ці па-беларуску ад яго слова не дачакаешся, то тут ён не пагрэбаваў пераходам на мову “малой нацыі”.

Увогуле трыумфальная паездка Пуціна ў Сербію не з’яўляецца вялікім дасягненнем цяперашняй расейскай дыпламатыі. Традыцыйна сербы любяць усё расейскае, арыентуюцца ў сваіх знешнепалітычных упадабаннях на Маскву ўжо з канца ХІХ стагоддзя. Аб’ядноўвае гэтыя два славянскія народы не толькі праваслаўе, але і статус імперыі. Калі Расея з’яўляецца па сваёй сутнасці імперыяй дагэтуль, то Сербія ў выніку распаду Югаславіі і некалькіх грамадзянскіх войнаў, паступова страціла надзею на адраджэнне велічы. Што праўда, у сербскім грамадстве распаўсюджаныя рэваншысцкія настроі, нецярпімасць да Захаду і панславізм. На гэтых трох кітах і грунтуецца грамадская сімпатыя да Расеі, якая ў вачах паспалітага серба ўяўляецца ці не апошняй маральнай вяршыняй. Але рэаліі жыцця такія, што сербскія ўлады, нягледзячы на шчырую любоў да славянаў, імкнуцца ўсяляк інтэгравацца з больш заможным партнёрам, якім з’яўляецца Еўразвяз. І вось гэтыя дзве тэндэнцыі якраз характарызуюць драматызм сітуацыі: сяброўства з Расеяй і імкненне ў ЕЗ. Гэтыя два рознаскіраваныя працэсы могуць у бліжэйшай перспектыве выбухнуць у Сербіі, як тое здарылася некалькімі гадамі раней ва Украіне.

Візіт Уладзіміра Пуціна ў Сербію абумоўлены выключна геапалітычнымі інтарэсамі Расеі на Балканах. Пасля перайменавання суседняй Македоніі ў Паўночную Македонію, як таго дабівалася Грэцыя, для гэтай былой часткі Югаславіі адкрыўся шлях у НАТО і ЕЗ. Такі паварот падзей – страшны сон для Масквы, якая ўсё яшчэ марыць уплываць на гэтую частку свету. А калі ўлічыць, што пасля няўдалага перавароту ў Чарнагорыі, які, па меркаванні тамтэйшых спецслужб, рыхтавалі сербскія нацыяналісты разам з расейскімі куратарамі з ГРУ, яшчэ адна былая рэспубліка Югаславіі ўзяла канкрэтны курс у бок НАТО, то ў Расеі ўвогуле застаецца мала козыраў на руках. Апошні – гэта сама Сербія, дзе, акрамя традыцыйных сімпатый да Расеі, існуе цалкам канкрэтная тэрытарыяльная праблема ў выглядзе непрызнанай рэспублікі Косава. Адной з умоваў далейшай інтэграцыі з ЕЗ з’яўляецца прызнанне гэтага дзяржаўнага ўтварэння Белградам. На такі крок прагматыкі з ураду Сербіі маглі б пайсці, але іх не зразумее сербскі народ. І вось гэтая сітуацыя цугцванга найбольш выгадная якраз Маскве, якая рукамі албанскіх касавараў трымае на ланцугу еўраатлантычныя памкненні сербаў.

У гэтым святле вельмі двухсэнсоўна выглядае прэзент сербскага прэзідэнта Аляксандра Вуціча, які ён зрабіў свайму расейскаму калегу. Уладзімір Пуцін атрымаў у якасці падарунка шчанюка сербска-македонскай аўчаркі, якую называюць яшчэ шарпланінскай. Гэтая парода адметная тым, што, абараняючы статкі жывёл, не баіцца нападаць нават на буйных драпежнікаў. У тым ліку і мядзведзя, які, калі што, з’яўляюцца папулярным сімвалам Расеі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ