Залатое слова “план”



Надвор’е не шкадуе здароўя беларусаў! Мінус 8 вечарам на раніцу пераўтвараюцца ў плюс 2, а праз пару дзён халады абяцаюць вярнуцца… Няма стабільнасці!

У такі час найбольш шкадуеш вясковых паштальёнаў, якія ў любое надвор’е вымушаны ісці (або ехаць на ровары!) да людзей. Пажадана з добрым настроем. З канвертамі і паштоўкамі, газетамі і часопісамі, крупамі і макаронай… Бо план ніхто не адмяняў. І пошта таксама павінна зарабіць пэўную суму штомесяц… А як тут заробіш на адной падпісцы, калі вяскоўцы ды пенсіянеры эканомяць на прэсе? Вось і прадаюць паштальёны ўсё, што магчыма: семкі, насенне, латарэйныя білецікі. Усё, што можа спатрэбіцца пенсіянерам і падпісчыкам. Даволі зручны і надзейны сервіс. Дастаўка на дом.

Можна пажартаваць, паспачуваць, а можна параўнаць… Пошту Беларусі і пошту Расеі.

Цікавыя рэчы ў суседзяў адбываюцца. Прэс-сакратар кампаніі “Пошта Расеі” Данііл Скідан заявіў, што яны пачалі прадаваць піва ў сваіх аддзяленнях. Мэта? Не, не нажыцца на бедных забітых вяскоўцах, зусім не! Барацьба з сурагатамі і алкаголем нізкай якасці. Спадар Скідан зазначыў: “Штогод у РФ труціцца дрэннай гарэлкай больш за 1200 чалавек”.

Нічога, знойдзенае рашэнне праблемы: цяпер у 3200 аддзяленнях сувязі па ўсёй Расеі будуць прадаваць слабаалкагольную прадукцыю нармалёвай якасці. Усё па сертыфікату, шаноўныя. Моцны алкаголь “Пошта Расеі” прадаваць не будзе (сцвярджае “Пошта Расеі”). Дарэчы, самымі непітушчымі рэгіёнамі РФ прызнаныя каўказскія рэспублікі. На пятым месцы – Белгарадская вобласць. І гэта афіцыйная статыстыка – федэральны праект “Цвярозая Расея”.

Сумнавата, спадарства, сумнавата… Мабыць, надвор’е надта пахмурнае.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ