Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся ў цэнтры Берасця



На плошчы Леніна ў Берасці 20 студзеня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Згодна са звесткамі мясцовых праваабаронцаў, у 12.20 на плошчы было прыблізна 190 чалавек.

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода абмяркоўвалі сітуацыю, звязаную з ўчарашняй прамой лініяй міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.  Актывісты Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк не змаглі задаць міністру свае пытанні. Тэлефонную трубку здымаў чалавек, які называў сябе памочнікам міністра, але адмаўляўся злучаць іх з Худыкам. Пры гэтым трох праціўнікаў будоўлі Яраслава Сахарука, Таццяну Фесікаву і Ладу Яраш злучылі з міністрам.

Як паведаміла БелаПАН Яраш, яна задала міністру шэраг пытанняў аб працы будучага акумулятарнага завода, тэхнічных складніках прадпрыемства. Яна таксама запытала ў міністра, чаму Лепясевічу і Бекалюку, якія хацелі задаць кіраўніку ведамства новыя пытанні з нагоды будаўніцтва завода, не далі магчымасць гэтага зрабіць. Як паведаміла Яраш, міністр прапанаваў ім пісьмова звяртацца ў міністэрства.

Як заявіў у каментары БелаПАН Бекалюк, той факт, што міністр адмовіўся падчас прамой лініяй размаўляць з праціўнікамі будаўніцтва завода, „сведчыць, што тыя структуры, якія павінны ахоўваць навакольнае асяроддзе, не працуюць, і людзі павінны самі абараняць сваё права на бяспечнае жыццё”.

„Учарашняя сітуацыя паказала, што такі чалавек, як Худык, не можа займаць такую пасаду, — заявіў у сваю чаргу брэсцкі актывіст Алесь Абляк. — Грамадскасць абураная паводзінамі міністра. Яго нежаданне гаварыць з людзьмі, якія маюць звесткі аб экалагічнай небяспецы прадпрыемства, абумоўленае тым, што чыноўнік проста не можа адказаць на канкрэтныя пытанні”.

Нагадаем, 5 снежня адбылася сустрэча з Андрэем Худыкам чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода — Дзям’яна Лепясевіча, Дзмітрыя Бекалюка, Сяргея Геліса і блогера Аляксея Кабанава. На сустрэчы, якая доўжылася больш як пяць гадзін, актывісты грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода абвясцілі шэраг выяўленых імі парушэнняў у гэтым праекце. У прыватнасці, што выкіды свінцу і сернай кіслаты ў атмасферу на заводзе, паводле разлікаў, зробленых актывістамі з выкарыстаннем афіцыйных сусветных методык, будуць значна большыя, чым прадугледжана ў праекце. Лепясевіч пасля сустрэчы заявіў, што чыноўнікі „адстойвалі інтарэсы бізнесу”. „Міністр сказаў: вы зразумейце, туды ўжо ўкладзеныя грошы, інтарэсы бізнесу таксама трэба захоўваць. На што Бекалюк яму адказаў, што вы, як міністр прыроды, павінны ахоўваць не інтарэсы бізнесу, а навакольнае асяроддзе”, — паведаміў Лепясевіч.

21 снежня ў Берасцейскі райвыканкам пададзеная заява на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму аб забароне будаўніцтва акумулятарнага завода.

belapan.by