Какарэка: Мы вывучаем гісторыю, а не прапагандуем нацызм
Бліжэйшыя месяцы ў Рэспубліцы Беларусь з’явяцца папраўкі ў закон «Аб барацьбе з прапагандай нацызму», ініцыяваныя кіраўніком МУС. Па гэтых папраўках нельга не толькі распаўсюджваць і захоўваць з мэтай продажу прадметы з нацысцкай сімволікай, але забаронены будуць таксама і візуальныя выявы нацысцкіх лідараў ды «іхных памагатых».
Што рабіць у такіх выпадках калекцыянерам, што збіраюць рэчы, звязаныя з ІІ Сусветнай, каментуе кіраўнік Беларускага нумізматычнага таварыства і Клуба калекцыянераў “Скарабей” Віктар Какарэка:
– Што тычыцца фашысцкай сімволікі, то да гэтага трэба адносіцца з пункту гледжання калекцыянавання, спакойна, бо гэта гісторыя. Гэта не прапаганда. Ніхто не спрабуе бегаць з фашысцкімі сцягамі, знакамі па вуліцах. А гісторыю трэба знаць і вывучаць.
Па словах Віктара Какарэкі, у яго таксама быў выпадак, калі ён выстаўляў дакументы, звязаныя з нямецкай акупацыяй:
– Падчас травеньскай выставы ў парку Жылібера, у мяне былі выстаўленыя дакументы – пашпарты, пачынаючы ад Расейскай Імперыі, першыя польскія пашпарты і аўсвайсы. Падышоў намеснік старшыні гарвыканкама Дзяшко, паглядзеў і спытаў: а гэта што такое са свастыкай? Я адказаў, што гэта гісторыя. Мы не прапагандуем нацызм, мы вывучаем гісторыю.
Віктар Какарэка ўпэўнены, што большасць калекцыянераў Гарадзеншчыны маюць у сваіх зборах рэчы, звязаныя з ІІ Сусветнай вайной, для вывучэння гісторыі свайго краю, а не для нейкай прапаганды.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня