Павел Усаў: Збольшага ў гэтым вінаваты афіцыйны Менск



Беларуска-расейская спрэчка зацягваецца. Краіны толькі абменьваюцца абвінавачваннямі. Аляксандр Лукашэнка назваў умовы паглыбленага саюзнага будаўніцтва з Расеяй і заявіў:«Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць». Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць цяперашні момант адносін з Расеяй нейкім крытычным або вострым.

Паводле палітолага Паўла Усава, беларускі кіраўнік патрапіў у пастку, якую сам і стварыў:

– Збольшага ў гэтым безумоўна вінаваты афіцыйны Менск, у прыватнасці Лукашэнка, бо ён быў асноўным ініцыятарам будавання гэтага Саюзу і вельмі актыўна прадаваў незалежнасць менавіта ў інтарэсах Саюзу, а аказалася, у інтарэсах Расеі. Мы ведаем прычыну і матывацыю Лукашэнкі. Ён хацеў стаць першым прэзідэнтам Саюзнай дзяржавы. Менавіта пад гэта ўсё складалася і фармавалася.

13 снежня 2018 году прэмʼер міністар Расеі Дзмітры Мядзьведзеў у Берасці акрэсліў патрабаванні да інтэграцыі: агульныя валюта, суд, мытня і падліковая палата.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя