Соймік Падляшша прыняў заяву супраць гвалту, агрэсіі і мовы нянавісці



Дэпутаты сойміку Падляшскага ваяводства аднагалосна прынялі сёння, 21 студзеня, заяву, у якой асуджаюць гвалт, агрэсію і мову нянавісці. На пачатку паседжання сойміку падляшскія дэпутаты хвілінай маўчання аддалі даніну памяці трагічна загінуламу на мінулым тыдні прэзідэнту Гданьска Паўлу Адамовічу.

“Мы дэпутаты Сойміку Падляшскага ваяводства выказваем рашучы пратэст супраць любых формаў гвалту, для якія няма аніякага апраўдання. Рашуча выступаем супраць агрэсіі, мовы нянавісці, якая распаўсюджваецца ў публічнай прасторы, а таксама супраць гвалту, якім няма месца ў стандартах дэмакратыі і грамадскіх нормаў,” – чытаем у прынятай заяве. Дэпутаты адзначаюць таксама, што Падляшскае ваяводства з’яўляецца шматкультурным, шматнацыянальным і шматканфесійным рэгёнам Польшчы.

Прынятую заяву прачытаў старшыня Падляшскага сойміку Караль Пілецкі (Karol Pilecki, Koalicja Obywatelska), які адзначыў, што яе змест узгоднены з усімі палітычнымі клубамі сойміку.  Большасць у сойміку Падляшскага ваяводства маюць Задзіночаныя Правыя Сілы (Zjednoczona Prawica), у апазіцыі знаходзяцца Грамадзянская Платформа і Сялянская Партыя (PSL).

Беларускае Радыё Рацыя