Нацыянальнае кіно
Я не кінакрытык. Але кіно люблю. І таму як глядач мне хацелася б, каб у нас нарэшце з’явіліся фільмы яркія і цікавыя. Вось бы з’явіліся “Гары Потэр” ці “Хронікі Нарніі” для падлеткаў. Альбо “Гульня тронаў” ці “Агнём і мячом” для дарослых. На жаль, пакуль што “Беларусфільм” не можа пахваліцца стварэннем ні нацыянальнага блокбастеру, ні беларускага фэнтэзі, ні, тым болей, серыялу. “Анастасія Слуцкая” і “Масакра” ў разлік не ідуць. На першы гледачоў заганялі прымусова. На другі – і не заганялі, і народ не вельмі ішоў. Хаця што можна чакаць ад фільма з бюджэтам у 1,5 мільёна уе. Для параўнання: на стварэнне прапагандысцкага расейскага фільма “Адмірал” пайшло каля 20 мільёнаў долараў.
Зразумела, што бясплатна вартыя фільмы не з’яўляюцца. Тут не толькі Ежы Гофман ці Крыс Каламбус у якасці рэжысёраў патрэбныя. Тут трэба бюджэт і творчая свабода. Вось акурат з апошнімі двума складнікамі сітуацыя выглядае вельмі кепска. І вось у бюджэце на 2019 год на вытворчасць нацыянальных фільмаў выдаткавана ажно 11 мільёнаў беларускіх рублёў. Ці ў пераліку на долары – 5 мільёнаў 200 тысячаў. Прычым заўважце, не на стварэнне аднаго фільма, а на стварэнне фільмаў. То бок дэпутаты ў Палаце Прадстаўнікоў перакананыя, што за гэтую суму можна стварыць фільмы, якія будуць карыстацца попытам у гледачоў. Некалькі лічбаў для параўнання. Бюджэт “Агнём і мячом” склаў каля 7 мільёнаў долараў. Першы фільм пра Гары Потэра “Гары Потэр і філасофскі камень” каштаваў 125 мільёнаў долараў.
На беларускае дзяржаўнае ТВ і друкаваныя дзяржаўныя СМІ будзе выдаткавана 136,5 мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што і ў друкаваных СМІ і на дзяржаўных ТВ беларускага і нацыянальнага – мізэр. Лепей за гэтыя сродкі запрасіць Ежы Гофмана і зняць сапраўды беларускі фільм. Між іншым, паводле падлікаў boxoffice.pl, фільм “Агнём і мячом” Ежы Гофмана пры сваёй цане ў 24 мільёны злотых зарабіў больш за 105 мільёнаў злотых. Так што, добрае ўкладанне можа быць.