У дачыненні да затрыманых анархістаў пачатая крымінальная справа (абноўлена)



Графіці на сцяне аднаго з гарадскіх будынкаў.

На фота: графіці на сцяне аднаго з гарадскіх будынкаў.
 

Затрыманыя ў Менску 21 студзеня анархісты Дзмітрый Паліенка і Яўген Чуліцкі знаходзяцца ў ІЧУ, паведаміла БелаПАН актывістка Марына Касінерава.

Паводле яе слоў, распачатая справа на падставе артыкула 341 КК за нанясенне ў канцы снежня 2018 года на вуліцы Ахоцкая графіці супраць міліцыі. Зараз з затрыманымі спрабуюць сустрэцца адвакаты.

Касінерава адзначыла, што 23 студзеня запланаваныя допыты.

Паводле яе слоў, у пастанове аб затрыманні па справе аб пашкоджанні маёмасці фігуруюць тры чалавекі, але адзін пакуль не затрыманы. Хто гэты трэці, афіцыйна пакуль невядома, сказала яна.

* * * 

У Менску 21 студзеня былі затрыманыя некалькі актывістаў анархічнага руху. Вядома, што сярод затрыманых – Дзмітрый Паліенка і Яўген Чуліцкі. Пачата крымінальная справа за нанясенне графіці па арт. 341 Крымінальнага кодэксу (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці).

Увесь учорашні дзень, як паведамляе ў сацыяльных сетках  Марына Касінерава,  затрыманыя правялі ў РУУС Заводскага раёна і Следчым камітэце. Толькі вечарам з’явілася інфармацыя, што  яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Прыкладна ў 10 гадзін раніцы на кватэры ў Яўгена Чуліцкага адбыўся ператрус, які праводзілі чатыры супрацоўнікі следчых органаў. Былі забраныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў.

Па папярэдняй інфармацыі, былога палітвязня Зміцера Паліенку з сябрамі вінавацяць, што яны нібы 22 снежня мінулага года нанеслі графіці „Менты забіваюць людзей” на сцяну аднаго з гарадскіх будынкаў на вуліцы Ахоцкай. 

Між тым, у Тэлеграм-канале Волна projekt. паведамляецца пра тое, што аднаму з анархістаў – Івану Комару ўдалося збегчы ад супрацоўнікаў міліцыі, якія чакалі яго каля дзвярэй пад’езда. Пакуль ягоны лёс невядомы.

spring96.org