Расейцы мацней “зацягнуць паясы“
Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Ляўроў заявіў, што “спробы аказаць на Расею які-небудзь ціск- бясперспектыўныя”. Аднак еўрапейскія дыпламаты нязгодныя з гэтым і сёння ў Брусэлі яны абмяркуюць новы пакет санкцыяў, датычны у прыватнасці перадачы Расеі тэхналёгіяў у энергэтычным сектары.
Сяргей Лаўроў і яго амерыканскі калега Джон Кэры сустрэліся ў Рыме і абмеркавалі сітуацыю ва Украіне. Кэры заклікаў Расею “поўнасцю выконваць” Менскія пагадненні, падпісаныя ў верасні.
Лаўроў, у сваю чаргу, заклікаў як мага хутчэй склікаць паседжанне кантактнай групы. Што тычыцца “бясперспэктыўнасці заходніх санкцыяў”, дык тут Лаўрову можна толькі павіншаваць з добрым настроем. Ні хто іншы, а прэм’ер Дзімітры Мядзведзеў прызнаў факт, што заходнія санкцыі дзейнічаюць і яны аказаліся вельмі балючымі для расейцаў.
Мядзведзеў параіў расейцам зацягнуць паясы і не мітусіцца з прычыны рэзкага падзення курсу рубля. “Зацягваць паясы“ расейцам прыйдзецца ўсё мацней, бо паводле многіх эканамістаў, расейцаў чакаць яшчэ горшыя часы. “Вядома, нікога не радуе, што цэны у крамах растуць, але трэба набрацца цярпення і паглядзець, як будуць разгортвацца падзеі”, – заявіў Мядзведзеў.
А падзеі разгортваюцца гэтак, што сёння ў Брусэлі еўрапейскія дыпламаты абмяркуюць новы пакет санкцыяў супраць Расеі. Чакаецца, што яны закрануць інвэстыцыі ў турыстычны бізнэс і перадачу тэхналогіяў расейскаму нафтагазаваму сэктару.
Калі санкцыі будуць прынятыя, тады ўвойдзе ў сілу забарона продажу, перадачы і экспарту тавараў і тэхналогіяў у галіне траспарту, тэлекамунікацыі, энэргэтыкі, пошукаў і здабычы нафты і газу.
У выніку Расея не зможа развіваць сыравінную частку эканомікі ад якой паходзіць палова усіх паступленьняў у бюджэт. Санкцыі маюць закрануць і здабычу нафты ў Чорным моры, паколькі грамадзянам Еўразвязу будзе забаронена фінансаваць крымскія кампаніі.
Еўрасаюз распрацоўвае стратэгію непрызнання далучэньня Крыму да Расеі. Ужо ў чэрвені сёлета Брусэль прыняў рашэнне, што шэнгенскія візы жыхары Крыму могуць атрымліваць толькі ва Украіне. Еўразвяз спыніў таксама авіярэйсы ў Крым.
Аптымізму Сяргея Лаўрова не падзяляе і былы лідар расейскіх баевікоў у Данбасе- Ігар Гіркін званы “Стралком”. Ён лічыць, што санкцыі і эканамічны крызіс аднімуць у расейцаў ахвоту “абараняць рускі свет” і знізяць падтрымку палітыкі Пуціна. Па яго словах, у збяднелага насельніцтва Данбасу будзе ўзрастаць ненавісць да Пуціна і Расеі. Гіркін лічыць, што час працуе на карысць украінцаў. “Яны шалёнымі тэмпамі аднаўляюць армію і хутка тыя расейскія рэгулярныя часткі, якія таемна ваююць супраць Украіны, ужо не змогуць супрацьстаяць узброеным сілам Украіны. “Стралок” прагназуе, што ўвесну ўкраінская армія пойдзе ў атаку і без буйнамаштабнай расейскай дапамогі хутка разаб’е сілы “ДНР” і “ЛНР”. Пасля Украіна пачне змаганне за Крым, а тады расейцы могуць Пуціну наладзіць “Майдан” у Маскве. Вось таму Гіркін раіць Крамлю разбіць Украіну пакуль яна не ўмацуецца.
Калі б гэтак лічыў сам Гіркін, дык паўбяды. Аднак магчыма, што яго вуснамі расейскае кіраўніцтва пагражае Украіне і Захаду адкрытай і вялікай вайной. Еўрапейцы баяцца вайны і хочуць яе пазбегнуць любою цаною, нават здаючы Украіну Расеі. Такая пагроза можа падзейнічаць на еўрапейскіх лідараў і гэта дрэнная навіна для Украіны.