Стартаваў нацыянальны адбор на „Еўрабачанне-2019”



Белтэлерадыёкампанія абвясціла пачатак прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборы на міжнародны песенны конкурс „Еўрабачанне-2019”. Палажэнне аб праекце размешчанае на афіцыйным сайце арганізатара.

Сёлета заяўкі прымаюцца толькі ў электронным выглядзе на сайце арганізатара. Апошні дзень прыёму — 31 студзеня.

Адбор праводзіцца ў тры этапы: адборачны тур (разгляд заявак і праслухоўванне ўдзельнікаў); фінал; забеспячэнне ўдзелу афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь у міжнародным конкурсе песні „Еўрабачанне-2019”.

Вынікі адборачнага тура падвядуць члены фокус-групы 4 лютага і большасцю галасоў вызначаць 10 удзельнікаў фіналу. Падчас праслухоўвання на афіцыйным сайце арганізатара будзе весціся online-трансляцыя.

Фінал пройдзе не пазней за 8 сакавіка 2019 года ў прамым эфіры ў форме шоу. Пераможца вызначыцца шляхам падсумоўвання балаў, выстаўленых членамі прафесійнага журы кожнаму ўдзельніку. Галасаванне журы будзе праводзіцца публічна. Фіналіст, які набраў найбольшую колькасць балаў паводле вынікаў галасавання прафесійнага журы, абвяшчаецца пераможцам нацыянальнага адборачнага тура і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе.

„Еўрабачанне-2019” пройдзе ў маі ў Тэль-Авіве (Ізраіль). Паўфіналы адбудуцца 14 і 16 мая, фінал — 18 траўня.

belapan.by