Макей аб візавым пагадненні з ЕЗ: Мы паступова падыходзім да падпісання
Беларусь і Еўразвяз працягваюць працу над пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 22 студзеня ў гутарцы з журналістамі БелаПАН і tut.by пасля цырымоніі адкрыцця фотавыставы „100-годдзе беларускай дыпламатыі” ў Нацыянальным гістарычным музеі.
„Мы працуем, памаленьку рухаемся, — сказаў ён. — Я дзесьці казаў ужо, што па Дзерыбасаўскай шпацыруюць паступова. Вось і мы паступова падыходзім да падпісання”.
Датычна спрэчнага моманту аб павелічэнні колькасці консулаў, на якім настойвае Польшча, Макей заявіў: „Мы абмяркоўваем усе пытанні, у тым ліку і гэта. Таму не трэба спяшацца. Лепш усё грунтоўна падрыхтаваць, каб не было нейкіх праблем на фінальным этапе”.
На пытанне, ці будзе падпісана пагадненне ў першай палове гэтага года, кіраўнік МЗС адказаў: „Не трэба загадваць, ставіць канкрэтныя даты. Мы працуем”.
Дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі Беларусь і ЕЗ афіцыйна вядуць са студзеня 2014 года.
У чэрвені 2018 года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханес Хан падчас візіту ў Менск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўразвязам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць.
Гаворачы аб планаваным павышэнні кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕЗ і Еўракамісія не зацікаўленыя ў тым, каб „зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу”. „Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы”, — сказаў ён.
Раней паслы краін — членаў ЕЗ ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоў з Еўрапарламентам аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павышэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕЗ падпісаны пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх кошт шэнгенскіх віз складае 35 еўра.
belapan.by