Штраф за крыж у Курапатах
Менскі райвыканкам разглядзеў адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя на актывістаў КХП-БНФ – выканаўцу абавязкаў старшыні партыі Юрася Беленькага і сакратара менскай управы Валера Буйвала.
За «ўчыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці», якая выявілася ў замене спарахнелага крыжа ў памяць пра літоўцаў, расстраляных у Курапатах, Юрася Беленькага пакаралі штрафам у 382,5 рубля. 27 снежня мінулага году група, у складзе якой быў Юрась Беленькі, замяніла даўні спарахнелы крыж.
– Прычым крыж быў пастаўлены ўзамен спарахнелага, на тое ж сама месца. Прычына ў тым, што гэта быў крыж, які быў пастаўлены ў памяць расстраляных літоўцаў. Быў зроблены грамадзянамі Літвы, паводле іх традыцыі, дубовы крыж з адмысловай разьбой.
Крыж знік праз дзве гадзіны пасля як яго ўсталявалі — як высветлілася, яго вывезлі працаўнікі лясгасу і цяпер захоўваюць яго на сваёй тэрыторыі. Прадстаўнікі КХП БНФ збіраюцца звярнуцца ў пракуратуру, каб абскардзіць дзеянні ўладаў, якія яны лічаць незаконнымі і дзікунскімі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя