Беларускі ПЭН-цэнтр запачаткаваў прэмію імя Міхала Анемпадыстава
Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Саюзам дызайнераў ды Лятучым універсітэтам уганаруюць найлепшую вокладку да беларускай кнігі за папярэдні год прэміяй імя Міхала Анемпадыстава.
Першае ўручэнне пройдзе падчас фестываля інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».
Распавядае старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай:
– Нам вельмі хацелася пачаць канцептуалізацыю герояў нашага часу, тых людзей, якія стварылі шмат для той рэчаіснасці, у якой мы сёння жывем, для беларускай культуры. І таму вырашылі назваць прэмію за лепшую вокладку імем нашага сябра Міхала Анемпадыстава, які год таму сышоў з жыцця. Хацелася б, каб гэтая прэмія адзначала найлепшую вокладку не тольку з візуальнага пункту гледжання, але і наколькі гэтая вокладка адпавядае зместу кнігі, наколькі яна надае цэласнасці кнігі як прадукту.
Па задуме арганізатараў вылучаць лаўрэата мусяць тыя, хто добра разбіраецца і з візуальным складніку, і працуе са словам. Склад журы прэміі яшчэ вызначаецца. Але ўжо вядома, што свой удзел у ім падцвердзілі Адам Глобус, Артур Клінаў, Васіліса Паляніна ды Юлія Цімафеева.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск