У Беларусі сфармаваны рэспубліканскі савет па рэстаўрацыі
У пачатку 2019 года ў Беларусі быў утвораны рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет, які ўзначаліла намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 студзеня ў Менску намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея (НММ) па фондавай рабоце і рэстаўрацыі Сяргей Вечар.
„У лютым, я думаю, ён першы раз збярэцца, і мы намецілі некаторыя моманты, звязаныя з тым, каб наша рэстаўрацыйная галіна структурна развівалася, — сказаў намеснік кіраўніка музея. — Хоць яна і невялікая — усяго 75 рэстаўратараў у музеях сістэмы Міністэрства культуры і па некалькі рэстаўратараў у Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнай акадэміі навук, але вельмі важная для нашай краіны. Большая частка нашага гісторыка-культурнага здабытку была вывезена або знаходзіцца ў цяжкім стане. Таму нам трэба аднаўляць тое, што ёсць”.
Вечар паведаміў, што 12—13 сакавіка на базе Нацыянальнага мастацкага музея пройдзе міжнародная канферэнцыя „Захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў: сучасны стан і перспектывы”. „Спачатку мы планавалі, што гэта будзе рэспубліканская канферэнцыя з запрашэннем пары замежных гасцей. Але наша прапанова выклікала вялікую зацікаўленасць з боку суседзяў. Палова дакладаў будзе ад рэстаўратараў з Украіны, Расеі, Літвы. Мы спадзяемся і вопытных спецыялістаў з суседніх краін паслухаць, павучыцца, і паказаць тое, што робім мы”, — адзначыў ён.
Паводле слоў Вечара, сёння НММ мае самую вялікую ў краіне рэстаўрацыйную службу, якая налічвае 25 спецыялістаў. Кіраўніцтва музея разлічвае ў найбліжэйшыя гады завяршыць рэканструкцыю будынка па вуліцы Кірава, які ўваходзіць у размешчаны за галоўным будынкам музейны квартал, і размясціць там рэстаўрацыйны цэнтр.
„У гэтым цэнтры будуць рэстаўраваць не толькі нашы прадметы, але і прадметы для музеяў і іншых устаноў нашай краіны. Толькі ў нашым музеі штогод каля двухсот музейных прадметаў зведваюць кансервацыю, а прыкладна сто — больш грунтоўную і глыбокую працу, якой з’яўляецца рэстаўрацыя”, — растлумачыў намеснік гендырэктара НММ.
belapan.by