СГА: сярэдзіна 2020 года – рэальны тэрмін далучэння Беларусі да арганізацыі



Сусветная гандлёвая арганізацыя лічыць сярэдзіну 2020 года рэальным тэрмінам, да якога Беларусь можа завяршыць усе неабходныя працэдуры па ўступленні ў арганізацыю. Такое меркаванне выказаў журналістам саветнік упраўлення гандлю і інвестыцый сакратарыята СГА Хуан Марчэці.

 

Паводле слоў прадстаўніка СГА, Беларусь сапраўды наблізілася да патрабаванняў, што прад’яўляюцца да краін, якія жадаюць далучыцца да арганізацыі. „У рамках працэсу падрыхтоўкі да ўступлення ў СГА Беларусь дасягнула сур’ёзнага прагрэсу ў тым, што датычыцца яе стратэгічных рашэнняў, рэгулявання нарматыўна-прававых адносін, а таксама правапрымяняльных практык. Таму Рэспубліка Беларусь становіцца ўсё бліжэй да таго, што патрабуецца, і сёння краіна знаходзіцца ўжо на апошнім этапе перагавораў”, – сказаў Хуан Марчэці.

Што датычыцца агучаных уладамі Беларусі планаў па далучэнні да СГА ў сярэдзіне 2020 года, прадстаўнік арганізацыі лічыць, што „гэта адназначна магчыма, таму што ў Беларусі застаецца яшчэ крыху больш за год для таго, каб завяршыць неабходныя перагаворы”. „Калі Беларусь прыкладзе ўсе неабходныя намаганні, правядзе перагаворы і дасягне пагаднення з членамі СГА, то гэта будзе зроблена ў названы тэрмін”, – дадаў Хуан Марчэці. У ліку пытанняў, якія трэба вырашыць, ён назваў перагаворы па гандлі паслугамі. Варта таксама адпрацаваць інвестыцыйную палітыку.

У Менску 22-24 студзеня праходзіць нацыянальны семінар па Генеральным пагадненні па гандлі паслугамі СГА. Арганізатарамі семінара выступаюць Міністэрства эканомікі і Міністэрства замежных спраў Беларусі сумесна з сакратарыятам Сусветнай гандлёвай арганізацыі пры падтрымцы праекта ПРААН „Садзейнічанне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленні ў СГА праз узмацненне экспертнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу”. Мэта семінара – павышэнне ўзроўню ведаў і экспертнага патэнцыялу прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі, якія былі задзейнічаны ў перагаворах па доступе на рынак паслуг у кантэксце далучэння да СГА. Семінар накіраваны на паляпшэнне разумення ўдзельнікамі структуры, функцыянавання, абавязацельстваў і прынцыпаў Генеральнага пагаднення па гандлі паслугамі з акцэнтам на фарміраванні спецыфічных абавязацельстваў па доступе на рынак паслуг.

belta.by