Таму што вельмі патрэбна было



Што вы робіце, калі вам хочацца зрабіць тое, што катэгарычна рабіць нельга? Думаеце, чакаеце, шукаеце іншыя варыянты? Бывае па-рознаму. Звычайна ўзрост дапамагае стрымліваць выбуховыя эмоцыі, але не заўжды, спадарства, не заўжды… Розныя здараюцца гісторыі, у тым ліку і крымінальнага характару.

Напярэдадні Новага года 50-гадовую жыхарку горада Маладэчна абрабавалі ў пад’ездзе. Невядомы хлопчык вырваў з яе з рук торбу з кашальком і паляцеў у невядомым кірунку… Яшчэ пытанне, ці вырашылі скрадзеныя 300 рублёў праблемы вучня сярэдняй школы №12, але праваахоўнікам пры “сустрэчы” ён распавёў, што грошы яму былі вельмі патрэбныя. Думаецца, абрабаванай жанчыне яны былі патрэбны не менш… І ўсё ж у 15-гадовага падлетка ёсць час і шанец зразумець штосьці наконт спосабаў дасягненння патрэбнай мэты. Хочацца верыць, што ў яго будзе магчымасць падумаць пра гэта дома, у хатніх камфортных умовах… У дрозненне ад злодзеяў іншай узроставай катэгорыі, з іншым “бэкграўндам”…

Так нарад Добрушскага РАУСа выехаў на побытавы скандал у ноч на 6 студзеня. Па дарозе міліцыянеры заўважылі на ўзбочыне невядомага з роварам і торбай. На гадзінніку было 02.30, міліцэйскі нарад пад’ехаў да чалавека спэўніць, ці патрэбная дапамога. Пры бліжэйшым разглядзе была распазнаная раней неаднаразова судзімая за ўчыненне крадзяжоў жыхарка горада Добруша. 65-гадовую кабету даставілі ў РАУС… Там выявілася, што ёй таксама вельмі патрэбныя былі грошы. І не толькі грошы. Спадарыня наведала нежылыя хаткі і лецішчы ў ваколіцах, забрала адтуль усё, што магла: ровар, тэлевізійныя прыстаўкі, будаўнічы інструмент, цвікі, аптэчку. Не пагрэбавала ні венікам дубовым, ні распачатай касметыкай з чужой лазні. Затрыманая мае цікавую біяграфію, дзе знайшлося месца аж 10 судзімасцям за крадзёж чужой маёмасці.   

Добрушскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч.2 арт.205 (крадзеж) КК Беларусі. Падазраваная затрыманая… І калі яна мае праблемы з жытлом, то, пэўна ж, на нейкі час яны будуць вырашаныя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ