29 студзеня – вернісаж выставы “Наша памяць”
Беларускае гістарычнае таварыства і Kamunikat.org запрашаюць на вернісаж выставы “Наша памяць”. Пачатак а 12-ай гадзіне 29 студзеня 2019 года ў Залешанах.
«Наша памяць» – праект, ініцыятарам якога выступіла Беларускае гістарычнае таварыства разам з Фондам Kamunikat.org. Гэтая ініцыятыва адкрытая на ўсіх, нягледзячы на арганізацыйную прыналежнасць, веравызнанне, нацыю і палітычныя погляды. Права на гісторыю і памяць маюць усе грамадзяне Польшчы.
Цікавіць аўтараў праекта перш за ўсё гісторыя пасляваенных польска-беларускіх адносін на Падляшшы. «Наша памяць» – гэта памяць пра тое, што ў гэтых адносінах здарылася сапраўды, а што ніколі здарыцца не павінна. Ініцыятары праекта хочуць ушанаваць памяць беларускіх ахвяр дзеянняў, якім характэрны прыкметы генацыду і этнічных чыстак, клапоцяцца пра магілы ахвяр і хочуць узвесці помнікі, на якіх будуць змешчаны надпісы таксама на беларускай мове, паколькі тыя людзі загінулі як беларусы. Таксама ў планах выдаваць зборнікі дакументаў – як архіўных, так і апублікаваных, але раскінутых па розных выданнях, расказаў сведак здарэнняў, а таксама весці адукацыйную акцыю праз пасрэдніцтва ўсіх магчымых сродкаў масавай інфармацыі.
Пачаткам стала вызначэнне фактычнага стану месцаў ушанавання ахвяр. У першую чаргу саставілі дакументацыю месцаў памяці, якія ўвекавечваюць самыя трагічныя здарэнні – пацыфікацыю беларускіх вёсак спецатрадам Нацыянальнага вайсковага задзіночання, званым 3-й Віленскай брыгадай НВЗ, пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім «Буры».
13 жніўня 2018 года ініцыятары праекта былі ў Лазіцах, Вітаве, Вілюках і Залешаных. У Залешаны вярнуліся 28 жніўня і адтуль пайшлі па маршруце Залешаны – Краснае Сяло – Вулька-Выганоўская – Кліхі – Пухалы-Старыя. 17 верасня правялі даследаванні ў Малешах, Шпаках і Занях. Здымкі з гэтых паходаў якраз і будуць прадстаўлены на выставе. Папоўняць іх архіўныя фатаграфіі з калекцыі ўдзельнікаў праекта і ведамаснага архіва Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку.
Ахвотных аказаць дапамогу ініцыятыве просім пералічыць узносы на рахунак:
70 1240 5211 1111 0000 4930 2882
Białoruskie Towarzystwo Historyczne
15-449 Białystok, ul. Proletariacka 11
NIP 542-19-52-692